Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У ЗША з'явіцца першы іспанамоўны святы
21.04.2015 14:41

Папа Францішак кананізуе благаслаўлёнага Хуніпера Серу 24 верасня 2015 г. у Вашынгтоне, абвясціў 20 красавіка прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Марк Уэле. «Апостал Каліфорніі», як называлі яго, будзе першым іспанамоўным святым Злучаных Штатаў.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Кананізацыя іспанскага францішканіна, які жыў у 1713-1784 гг., стане адным з пунктаў апостальскага падарожжа Папы ў ЗША, якое ўключае ў сябе, акрамя сталіцы, Нью-Ёрк і Філадэльфію. Сёння па-ранейшаму вядуцца размовы пра прыпынак Пантыфіка на Кубе на шляху ў Злучаныя Штаты або падчас вяртання ў Рым.

Аб сваім намеры кананізаваць благаслаўлёнага Хуніпера казаў сам Папа Францішак у гутарцы з журналістамі ў студзені 2015 г.

Трэба нагадаць, што 2 мая Папа Францішак наведае Папскі паўночнаамерыканскі калегіум у Рыме і адправіць там святую Імшу на ўспамін благаслаўлёнага ў рамках дня, прысвечанага заснавальніку каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі, у тым ліку ў Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Сакрамэнта і Сан-Дыега.

Даведка: Хуніпера Серa — манах-францішканін, заснавальнік каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі, у тым ліку ў Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Сакрамэнта і Сан-Дыега. Сваёй дзейнасцю місіянера і даследчыка заслужыў званне «апостала» і «айца Каліфорніі».

Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям'і. Уступіў у ордэн братоў-мінарытаў у 1730 годзе, тады ж прыняў імя Хуніпера ў гонар святога Юніпера, аднаго з вучняў св. Францішка Асізскага. Дзякуючы выключным здольнасцям выкладаў філасофію яшчэ да таго, як прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Атрымаў ступень доктара ва ўніверсітэце горада Пальма-дэ-Маёрка. У 1749 годзе, ва ўзросце 36 гадоў, накіраваўся ў Новы Свет і найперш працаваў на кафедры філасофіі ў езуіцкай школе ў Мехіка. У Новай Іспаніі разгарнул шырокую прапаведніцкую і місійную дзейнасць. 9 гадоў пражыў у вобласці Санцьяга-Хальпан сярод індзейцаў памэ, пераклаў на іх мову катэхізіс і навучыў іх розным рамёствам.

Вядомы такі факт, што пасля вяртання ў Мехіка ён атрымаў славу палымнеючага прапаведніка; заклікаючы гараджан да пакаяння, ён біў сябе ў грудзі, стоячы на кафедры, абпальваў сябе палымнеючым факелам ці біў сябе бічом.

25 верасня 1988 года Папа Ян Павел ІІ далучыў Хуніпера Сера да ліку благаслаўлёных. Яго помнікі ўсталяваны ў Кармэлі, Гаване, на Маёрцы і ў іншых краінах.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.