У Мадрыдзе адкрылася канферэнцыя, на якой абмяркуюць пераслед хрысціян за веру | Друк |
20.04.2015 11:51

Міжнародная канферэнцыя «Усе мы назаране» (Todos somos Nazarenos) адкрылася ў Мадрыдзе 17 красавіка.

У кангрэсе прымаюць удзел сіра-каталіцкі Патрыярх Антыёхіі Ігнацый Юсэф III Юнан, лідары хрысціянскіх супольнасцяў Блізкага Усходу і Афрыкі, у тым ліку халдзейска-каталіцкі біскуп Эрбіля Башар Маці Варда, біскуп Майдугуры Олівер Дашэ Доэмэ, біскуп Кафанчана Джозэф Данламі Багабіры, біскуп Копцкай Царквы Ангелос Анба, біскуп Кіркука Йусіф Томас Міркіс.

У ліку гасцей таксама бацька і дачка асуджанай на смяротнае пакаранне па законе аб блюзнерстве пакістанскай хрысціянкі Асіі Бібі. У якасці сведак на канферэнцыю прыехалі і дзве дзяўчынкі, якія ўцяклі з палону «Бока Харам», каталіцкі місіянер з Ірака і два пратэстанцкія пастары.

З дакладамі на канферэнцыі выступяць прэзідэнт Альянсу Евангелічнай Хрысціянскай Царквы ў Сірыі і Ліване Эдвард Авабдэх, прэзідэнт фонду «Novae Terrae» (Італія) Лука Волонтэ, дырэктар іспанскага філіяла «Open Doors» Тэд Блэйк і інш.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў — сітуацыя, у якой жыве хрысціянская меншасць у краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, такіх, як Сірыя, Ірак, Нігерыя, Егіпет і Пакістан. Удзельнікі канферэнцыі абмяркоўваюць магчымыя шляхі вырашэння канфліктаў у Сірыі і Нігерыі і магчымыя шляхі дапамогі хрысціянам у краінах, дзе яны падвяргаюцца найбольшаму пераследу за веру.

(AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by