Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папу на пенсіі Бэнэдыкту ХVI — 88
16.04.2015 16:45

16 красавіка адзначае сваё 88-годдзе Папа на пенсіі Бэнэдыкт ХVI. Бэнэдыкт XVI праводзіць дзень свайго нараджэння ў кляштары “Mater Ecclesiae” на тэрыторыі Ватыкана, у якім пасяліўся пасля таго, як адмовіўся ад служэння на Пасадзе св. Пятра ў 2013 г., і з якога працягвае падтрымліваць Касцёл сваёй малітвай.

Менавіта сюды прыбываюць віншаванні ад вернікаў з усяго свету, паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Постаць Папы Бэнэдыкта ХVI у многіх вернікаў і ўвогуле ў сусветнай грамадскасці асацыюецца з кансерватызмам, строгасцю, непахіснасцю, нягнуткасцю. Гэта Папа, якога найперш можна акрэсліць азначэннем — сапраўдны навуковец, даследчык і філосаф, які пакінуў пасля сябе грунтоўныя працы па тэалогіі і філасофіі.

Папа, пасля якога Каталіцкі Касцёл павялічыў колькасць благаслаўлёных больш чым на 140 асоб, сярод якіх яго папярэднік Ян Павел ІІ.

Папа, які пакінуў за час свайго Пантыфікату тры энцыклікі: пра хрысціянскую любоў, надзею, міласэрнасць, а таксама напісаў чацвёртую — «Святло веры», але якая была апублікавана ўжо з подпісам яго наступніка — Папы Францішка.

Папа, які адназначна сказаў “не” сацыялістычнай ідэалогіі, гомасексуалізму, кантрацэпцыі і абортам, лібералізацыі касцёльных парадкаў. Бэнэдыкт ХVI асуджаў святарскія пасвячэнні жанчын, гомасексуалістаў і жанатых мужчын.

Пантыфік быў супраць генетычных эксперыментаў: на яго думку, вучоныя-генетыкі «бралі на сябе ролю Бога». У 2006 годзе Бэнэдыкт ХVI звольніў старшыню абсерваторыі Ватыкана, святара-езуіта Джорджа Койна за тое, той адмаўляў тэорыю крэацыянізму і падтрымаў прызнанне тэорыі эвалюцыі. У 2007 годзе Папа выдаў спецыяльную энцыкліку, у якой асудзіў атэізм і дзейнасць Карла Маркса і Уладзіміра Леніна.

Яшчэ кардыналам ён адмоўна выказваўся пра масавую культуру, у прыватнасці пра Боба Дзілана, а таксама аўтарку кніг пра Гары Потэра Джоан Роўлінг.

Як і Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт ХVI імкнуўся да больш цеснага дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой, але так і не атрымаў дазволу на візіт у Расію, Беларусь.

У кастрычніку 2008 года, пасля пачатку сусветнай рэцэсіі Папа заявіў, што крызіс сведчыць аб бескаштоўнасці грошай і марнасці збірання матэрыяльных каштоўнасцяў.

Журналіст Міхаіл Фацееў, спасылаючыся на супрацоўніка Рымскай курыі, пісаў, што Ян Павел ІІ быў гасцінны і заўсёды запрашаў людзей, каб памаліцца з імі на Імшы і паснедаць, а пры яго пераемніку гэта практыка спынілася. Бэнэдыкт ХVI вёў больш “закрыты” стыль жыцця. Яму больш падабалася маліцца, чытаць і пісаць.

Нездарма Каталіцкі Касцёл можа ганарыцца такой кніжнай спадчынай ад гэтага Папы, які яшчэ больш здзівіў грамадскасць нават не сваімі працамі, а рашэннем адмовіцца ад улады, сціпла і спакойна саступіўшы месца іншаму. Які яшчэ палітык у сучасным свеце здольны на такі ўчынак?

Бэнэдыкт ХVI сышоў, каб Каталіцкі Касцёл меў магчымасць новай хвалі ў сваёй гісторыі і ў гісторыі чалавецтва. І складана сказаць, што сучаснаму свету больш патрэбна: багатыя і змястоўныя філасофскія і тэалагічныя працы альбо просты ўчынак, які паказвае, што ўсё мае сваю мяжу, свой пачатак і свой канец, сваю альфу і амегу.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.