Хрысціяне Ірака перажывалі дні Пасхальнага Трыдууму з пасланнікам Папы | Друк |
07.04.2015 10:40
Іракскія хрысціяне, аб якіх асаблівым чынам заклікаў маліцца на працягу Пасхальнага Трыдууму Пантыфік, перажывалі велікодныя ўрачыстасці разам са спецыяльным пасланнікам Святога Айца кардыналам Фернанда Філоні, прэфектам Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Іерарх правёў апошні тыдзень сярод тысяч іракскіх бежанцаў-хрысціян, якія сталі ахвярамі насілля з боку тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава». Падчас пасхальнай вігіліі пасланнік Папы маліўся разам з амаль тысяччу вернікамі ў намёце-капліцы ў лагеры бежанцаў у Эбрыле, а рэзурэкцыйную Эўхарыстыю цэлебраваў у горадзе Сулейманія ў Іракскім Курдыстане.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Філоні распавёў, што запэўніў хрысціян Ірака ў падтрымцы Святога Айца, а таксама правёў перамовы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, вынікам якіх стане паляпшэнне ўмоваў пражывання бежанцаў. Іерарх выказаў спадзяванне, што наступны Вялікдзень яны змогуць святкаваць у сваіх родных дамах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2024 Catholic.by