Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Грэка-каталіцкія біскупы Украіны скіравалі зварот да святароў аб служэнні ва ўмовах вайны
10.02.2015 13:52

Абнародаваны зварот кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы да святароў аб служэнні ва ўмовах вайны. Як падкрэсліў Патрыярх Святаслаў, давер да Царквы ў грамадстве застаецца найвышэйшым. А гэта азначае, што людзі чакаюць ад духоўных лідараў арыенціраў у гэты складаны час.

Пра гэта паведамляецца на risu.org.ua.

Патрыярх Святаслаў вылучыў некалькі праблем, на якія неабходна звярнуць увагу і прыкласці намамаганні.

Інфармацыйная вайна і супрацьстаяннне ёй

Як падкрэсліў іерарх у сваім звароце, Царква ў кароткія тэрміны не навучыць людзей медыяграматнасці, аднак можа прапанаваць некаторыя рэцэпты выкарыстання СМІ:

— Інфармацыя — магутная зброя, якая забівае лёгкавераў, таму адносіны да яе павінны быць асцярожнымі. Празмерная колькасць інфармацыі, асабліва негатыўнай, з’яўляецца адной з галоўных прычын апатыі, расчаравання і панікі.

— Неабходна прытрымлівацца пэўнай «інфармацыйнай гігіены»: не глядзець усе магчымыя каналы і выпускі навін, не распаўсюджваць чуткі, адказна карыстацца сацыяльнымі сеткамі (якія з’яўляюцца адным з найбольш маніпуляцыйных сродкаў камунікацыі).

— Важна абараніць дзяцей ад траўмавання медыяпаведамленнямі. Бацькам можна параіць не пакідаць дзяцей сам-насам з плыняй разбуральнай інфармацыі пра вайну, а ў давяральнай размове тлумачыць ім, што адбываецца ў краіне, і запрашаць іх да сумеснай сямейнай малітвы аб загінулых і параненых, аб спыненні вайны і Божым міры ва Украіне.

 



— «Смяротнай» інфармацыі, якая з'яўляецца элементам прапаганды і маніпуляцыі, як роўна і рознага роду навінам, прасякнутым элементамі гвалту і смерці, мы, веруючыя людзі, можам і павінны супрацьпаставіць Божае слова, якое нават сярод, здавалася б, безнадзейных сітуацый нясе добрую навіну надзеі і абяцанне выратавання... Настойліва заклікаем да чытання Бібліі ў сямейным коле, якое стане для нас апорай падчас буры і будзе заахвочваць да малітвы — асабістай і агульнай — за мір і благаслаўленне для нашай Айчыны.

Мабілізацыя і звязаныя з ёй пытанні

Падчас правядзення мабілізацыйных мерапрыемстваў, як падкрэслівае кіраўнік УГКЦ, у краіне трэба памятаць аб наступным:

— Святары не могуць быць інструментам правядзення мабілізацыі. У той жа час яны не павінны заклікаць да пазбягання яе, нават ускосна.

— Царква, прызнаючы права і абавязак народа абараняць сваю зямлю, не імкнецца пераймаць функцыі дзяржавы ці яе абаронных ведамстваў па арганізацыі і правядзенні гэтай абароны. Мы духоўна падтрымліваем мабілізаваных, іх сем'і і праяўляем падзяку ўсяго Божага народа тым нашым суайчыннікам, якія гатовыя пакласці сваё жыццё за сваіх сяброў.

— Разам з малітвай Царква арганізоўвае і практыкуе справы міласэрнасці для ўсіх, хто абараняе нашу Айчыну і хто пацярпеў ад ваеннага бедства. Неабходна падтрымліваць, у прыватнасці, параненых, вымушана пераселеных асобаў, сваякоў загінулых, асабліва маці, жонак і дзяцей, людзей сталага ўзросту і інш.



— Святары павінны вельмі адказна ставіцца да таго, якія заклікі яны накіроўваюць да сваіх вернікаў з традыцыйных амбонаў і пры дапамозе найноўшых сродкаў — сацыяльных сетак. Недапушчальна, каб пастыр, паддаючыся сваім чалавечым неўпарадкаваным і неачышчаным пачуццям, прапаведваў нецярпімасць, нявер'е, агрэсію або нянавісць да кагосьці.

— Святары павінны быць вельмі асцярожнымі таксама ў выказваннях па пытаннях ваенных дзеянняў і мабілізацыі. Неабходна глыбей вывучаць сацыяльную дактрыну Касцёла, у прыватнасці крытэрыі маральных паводзінаў хрысціян-католікаў і духавенства ва ўмовах вайны, каб і самім не блукаць, і іншых не ўводзіць у маральныя і духоўныя памылкі.

— Душпастыры, якія накіроўваюцца здзяйсняць святарскае служэнне ў раёны баявых дзеянняў, павінны гэта рабіць з выразнага дазволу і благаслаўлення свайго кіруючага архірэя і строга прытрымлівацца ўказанняў і правілаў, распрацаваных Дэпартаментам душпастырства сілавых структур у супрацоўніцтве з Міністэрствам абароны Украіны.

Пераадоленне панікі, траўмаў і нянавісці

Святары павінны выкарыстоўваць «духоўную аптэчку», каб атрымаць неабходную дапамогу і для сябе, і для нашых блізкіх. Таму варта памятаць:

— Вайна, у якую ўцягнута Украіна, павінна весціся дзеля жыцця, а не дзеля смерці: мы прымаем у ёй удзел не ад нянавісці да ворагаў, а абараняем жыццё, родную зямлю ад пазбаўленага маральных прынцыпаў агрэсара.

— Падзеі, якія зносім, — гэта выпрабаванне для нас усіх. Яны часовыя, нягледзячы на жорсткасць і ўзровень гвалту. Вайна скончыцца, і мы зможам з Божай дапамогай аднавіць нашу дзяржаву і загаіць раны на целе нашага народа.

— Ні ў якім разе нельга губляць з поля агляду будучую перспектыву — перспектыву міру і аднаўлення нашай Айчыны. Больш за тое, ужо зараз — кожны на сваім месцы — павінны будаваць нашу дзяржаву, пра якую марым, якую імкнемся перадаць у спадчыну нашым дзецям і ўнукам ...



— Шчырае шкадаванне аб ахвярах (ваенных і мірных) не павінна перакрэсліваць аптымізм і сапраўдную радасць жыцця.

— Перад тварам агрэсіі і нянавісці, якія сеюць смерць і спусташэнне на нашай зямлі, мы не павінны дапускаць, каб у наша сэрца закраліся такія негатыўныя пачуцці, як нянавісць і жаданне адпомсціць, нават у адносінах да ворагаў. Яшчэ горш адчуць прадузятасць і нецярпімасць да тых нашых братоў і сясцёр з Усходу, якія страцілі сваё жыллё, былі вымушаныя пакінуць родны край і цяпер знаходзяцца сярод нас у якасці змушана пераселеных асобаў. Праявамі салідарнасці, гасціннасці і любові мы павінны даць ім зразумець, што яны жаданыя жыхары ў нашым агульным доме, імя якому «Украіна»…

Перамагаць зло дабром: практычныя парады душпастырам

Нашым адказам на сітуацыю ў краіне павінна быць падвоеная душпастырская рэўнасць, святарскае служэнне, да якога мы пакліканы як пастыры ў Хрыстовай Царкве. Сярод практык хрысціянскага жыцця варта падкрэсліць найважнейшыя — малітву, пост і міласціну:

— ...Пасля кожнай Літургіі працягваем маліцца царкоўным гімнам-малітвай «Божа вялікі, адзіны». Удзячнай і такой, якую належыць распаўсюджваць, з'яўляецца практыка няспыннай малітвы, калі парафіяльныя, манаскія або малітоўныя супольнасці размяркоўваюць паміж удзельнікамі малітвы перыяд сутак так, каб малітва за Украіну здзяйснялася без перапынку...

— Малітву належыць ўзмацняць постам, ахвяруючы для гэтага адзін дзень у тыдзень, адпаведна да раней абвешчаных і размеркаваных дзён посту ў епархіях і Экзархаце ва Украіне.

— Варта здзяйсняць справы міласэрнасці і запрашаць да ўдзелу вернікаў. Важна, каб пастыр быў тым, хто ўмее запаліць людзей да бескарыслівага служэння, сам дае прыклад такой высакароднай пазіцыі і будзе паказваць розныя магчымасці валанцёрства там, дзе ёсць найбольшая патрэба.

— Важна праводзіць паніхіды па загінулых, каб людзі разам, а не сам-насам, перажывалі жалобу.

— Неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на імклівае распаўсюджванне ў гэты трывожны час злоўжывання алкаголем. Асабліва ўразлівыя да гэтай бяды тыя, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Пастыр павінен памятаць, што алкагалізм з'яўляецца невылечнай смяротна небяспечнай хваробай, якая робіць залежнаму не менш шкоды, чым варожая куля, і становіцца вялікай бядой для яго сям'і і ўсяго грамадства.



— Актуальная яшчэ адна праблема, адносна якой трэба быць уважлівым. Гаворка ідзе пра схільнасці людзей, якія слабыя ў веры, звяртацца да рознага роду акультных практык дзеля «высвятлення невядомых пытанняў»: месцазнаходжання зніклых без вестак, прагнозу адносна заканчэння вайны і г. д. У выпадку небяспекі і трывогі некаторыя людзі шукаюць лёгкія адказы на цяжкія пытанні, танныя вырашэнні няпростых сітуацый. У сувязі з гэтым памятаем, што ніякія, нават самыя драматычныя, абставіны асабістага або грамадскага жыцця не могуць апраўдаць звароту да злых сіл, таму што такія дзеянні — прамыя зносіны з д'яблам.

Душпастырская апека ўдзельнікаў баявых дзеянняў

Хоць нашы воіны здзяйсняюць свой святы і грамадзянскі абавязак абароны невінаватага жыцця перад несправядлівым агрэсарам, іх сумленне паранена трагічным вопытам. Таму асобна хочам звярнуць увагу на некаторыя маральныя аспекты, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі і іх непасрэднымі ўдзельнікамі.



— Царква асуджае несправядлівыя войны, аднак ніколі не спыняецца праяўляць клопат аб тых, хто са зброяй у руках выконвае служэнне ад імя законнай і справядлівай улады, дзеля служэння міру і абароны жыцця. Таму кожнае вучэнне, якое лічыць заклік да вайсковай службы не адпаведным Евангеллю, беспадстаўнае.

— Пакліканне воіна не супярэчыць пакліканню хрысціяніна. Нават больш: можна быць ваяром і святым! Святы Папа Ян ІІ, звяртаючыся ў свой час да ваенных, сабраных на аўдыенцыі, заўважыў: «Хто лепшы за вас, найдаражэйшыя ваенныя, можа засведчыць пра гвалт і згубную сілу зла, прысутную ў свеце? Вы змагаецеся супраць яго штодня: вы на самой справе закліканыя абараняць слабых, клапаціцца пра сумленных, падтрымліваць мірнае суіснаванне паміж народамі» (прамова 19 лістапада 2000 г. з нагоды юбілею ваенных і сіл паліцыі).

— «Законная самабарона можа быць не толькі правам, але і важкім абавязкам таго, хто адказны за жыццё іншых».

— Каб прымяненне зброі супраць несправядлівага агрэсара было маральна апраўданым, трэба ў той жа час: 1) каб страты, нанесеныя агрэсарам нацыі ці згуртаваннем нацый, былі працяглымі, цяжкімі і беспаспяховымі; 2) каб усе іншыя сродкі для таго, каб пакласці гэтаму канец, апынуліся немагчымымі або беспаспяховымі; 3) каб былі абгрунтаваныя магчымасці поспеху; і 4) каб выкарыстанне зброі не прынесла шкоды, бедстваў і беспарадкаў больш цяжкіх, чым тыя, якія належыць ліквідаваць. Ацэньваць гэтыя ўмовы маральнай законнасці павінны тыя, хто нясе адказнасць за агульнае дабро. У гэтых выпадках публічная ўлада мае права і абавязак накладваць на грамадзян абавязацельствы, неабходныя для нацыянальнай абароны.

— Пастыры павінны праяўляць цярплівасць у выслухоўванні споведзяў удзельнікаў баявых дзеянняў, падбадзёрваючы і суцяшаючы воінаў і ўсіх пацярпелых ад вайны, паказваючы на Божую міласэрнасць як на крыніцу вылячэння ад цялесных і душэўных ран і заклікаючы таксама прытрымлівацца маральных правілаў сярод жахаў вайны.

— Варта памятаць усім, што перамогу на полі бою апярэджвае маральная і духоўная перамога над ворагам, якая засноўваецца на свядомасці здзяйснення высакароднай справы — абароны свету ад агрэсара, на гуманных адносінах да палонных і параненых, на недапушчальнасці любога гвалту супраць мірнага насельніцтва.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.