Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва Украіне аб’яўлены год Мітрапаліта Андрэя Шэпціцкага
05.11.2014 14:26

 

Год Мітрапаліта Андрэя Шэпціцкага аб’явіў арцыбіскуп на пенсіі Грэка-Каталіцкай Царквы Украіны Любамір Гузар, паведамляе risu.org.ua.

Мэта дадзенай ініцыятывы — у тым, каб даведацца пра асобу і ў жыцці здзяйсняць тое, на што ён звяртаў увагу і жадаў украінскаму народу, адзначыў арцыбіскуп Гузар.

Паводле слоў іерарха, уладыка Андрэй Шэпціцкі не толькі напісаў больш за 250 пастырскіх лістоў, але і сам наведаў усе парафіі вялікай на той час Львоўскай архідыяцэзіі, каб заахвочваць народ жыць з верай.

«Дзякуючы яго намаганням наш народ высока ўзнёсся ў веры. Пасля яго смерці наша Царква пераследвалася, аднак яна вытрымала ўсе ганенні, бо мела цвёрдую веру», — сказаў арцыбіскуп на пенсіі.

Таксама, паводле яго слоў, Мітрапаліт Шэпціцкі звяртаў увагу на годнасць чалавека. «Нам можа здавацца, што рэвалюцыя годнасці сёння — гэта штосьці новае. Аднак Мітрапаліт у першыя гады свайго служэння звяртаў увагу на тое, каб усім грамадзянам было дадзена тое, што ім належыць, каб валадарыла справядлівасць, аднолькавая для ўсіх. Дзеля гэтага ён пісаў пасланне аб грамадскай справядлівасці», — адзначыў іерарх.

Мітрапаліт Андрэй быў уважлівым да таго, хто патрабуе. Таму ён клапаціўся, каб дзеці-сіроты былі добра выхаваны і мелі адпаведныя ўмовы для жыцця.

«Святароў ён заахвочваў прытрымлівацца лепшых прыкладаў навуковай праўды, каб тое, што яны абвяшчаюць, станавілася прыкладам для народа. Для яго навука была сродкам зносін людзей з рознымі поглядамі», — дадаў арцыбіскуп Любамір Гузар. Таму Мітрапаліт заснаваў тэалагічную акадэмію — сучасны Украінскі каталіцкі ўніверсітэт у Львове.

«Ён вучыў нас быць народам, дзяржавай, сапраўднымі патрыётамі ў звароце “Як будаваць родны дом”. Украіна з’яўляецца нашым агульным домам, які мы павінны будаваць супольнымі сіламі. Нам трэба даведацца пра Мітрапаліта, яго думкі і намеры, каб ажыццявіць іх сёння. Прашу вас дзякаваць Богу за тое, што даў нам такога духоўнага лідара», — сказаў арцыбіскуп Любамір Гузар.

(AYU)
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.