У Рыме абмяркуюць пазіцыю Касцёла падчас Першай сусветнай вайны | Друк |
28.08.2014 16:52
«Бессэнсоўная бойня. Католікі і Апостальская Сталіца падчас І Сусветнай вайны» – міжнародная канферэнцыя пад такой назвай пройдзе ў Рыме 15-17 кастрычніка 2014 г. Навуковы форум прымеркаваны да 100-годдзя пачатку І Сусветнай вайны, а яго арганізатарам з’яўляецца Папскі камітэт гістарычных навук. У рамках трохдзённага мерапрыемства даследчыкі з розных краін Еўропы паразмаўляюць пра пазіцыю Касцёла падчас сусветнага канфлікту, пра дзейнасць Папы і касцёльнай іерархіі, пра непасрэдны удзел хрысціян у вайне, а таксама яе значэнне і спадчыну для рэлігійнай супольнасці Старога Кантынетна.

Адкрые працу форума а. Бернар Ардура, старшыня Папскага камітэта гістарычных навук, а з інаўгурацыйным дакладам выступіць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Улічваючы шырокую геаграфію прадстаўленую ўдзельнікамі канферэнцыі, на ёй будзе абмяркоўвацца дзейнасць католікаў падчас І Сусветнай вайны ў Германіі, Ірландыі, Бельгіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Венгрыі, Сербіі, Харватыі, Славакіі, Польшчы, Іспаніі, Румыніі, Расіі.

Даследчыкі паразмаўляюць таксама пра ролю каталіцкіх жанчын падчас вайны, наступствы канфлікта для місій, дзейнасць законнікаў і законніц, інструменталізацыю рэлігіі і сакралізацыю вайны.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
 
© 2003-2024 Catholic.by