Дырэктара Mozilla прымусілі пакінуць кампанію з-за падтрымкі сямейных каштоўнасцей | Друк |
04.04.2014 15:00

Выканаўчы дырэктар кампаніі Mozilla Брэндан Айк падаў у адстаўку пасля скандалу ў сувязі з яго непрыманнем аднаполых шлюбаў.

Самым папулярным прадуктам Mozilla Firefox з'яўляецца браўзер, якім карыстаецца амаль паўмільярда людзей ва ўсім свеце.

Айк, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў кампаніі і стваральнікам мовы праграмавання JavaScript, быў прызначаны на сваю пасаду ў канцы сакавіка гэтага года — паведамляе руская служба ВВС. Паведамляецца, што яму давялося таксама пакінуць савет дырэктароў Mozilla Foundation — некамерцыйнай арганізацыі, якая валодае Mozilla Corporation.

У 2008 годзе Айк зрабіў ахвяраванне на тысячу даляраў у падтрымку папраўкі ў каліфарнійскае заканадаўства, вядомай як «Прапанова 8». Гэтая папраўка вызначала шлюб як саюз паміж мужчынам і жанчынай і разглядалася ЛГБТ-супольнасцю як перашкода легалізацыі аднаполых шлюбаў. Першапачаткова папраўка была прынятая, аднак у 2013 годзе яна была адменена Вярхоўным судом ЗША.

Даведаўшыся 24 сакавіка аб прызначэнні Айка на пасаду выканаўчага дырэктара Mozilla, гей-актывісты разгарнулі актыўную кампанію пратэсту ў інтэрнэце. У сацыяльных сетках з’явілася мноства гнеўных каментароў, пачаўся збор подпісаў з патрабаваннем адстаўкі Айка.

Адразу пасля прызначэння Айка на кіруючы пост трое членаў савета дырэктароў кампаніі падалі ў адстаўку, аднак прадстаўнікі Mozilla настойвалі, што гэтыя падзеі ніяк не звязаныя паміж сабой. Спачатку кіраўніцтва кампаніі Mozilla абараняла прызначэнне Айка, аднак затым пад ціскам грамадскасці змяніла свой пункт гледжання. У выніку старшыня праўлення Мітчэл Бэйкер была вымушаная скласці прабачэнні ЛГБТ-супольнасці.

Па словах Мітчэл Бэйкер, кіраўніцтва кампаніі ўсё яшчэ абмяркоўвае патэнцыйныя кандыдатуры на замену Брэндана Айка, дадатковая інфармацыя аб гэтым будзе апублікаваная на наступным тыдні.

 

Паводле baznica.info, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by