|
Арцыбіскуп Бруно Фортэ, член Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і Папскай рады па культуры, які прамаўляў гамілію перад папам Янам Паўлам ІІ у 2004 г., наведаў Польшчу, каб прамовіць да суайчыннікаў Вялікага Папы. У межах Года святарства арцыбіскуп Фортэ прабываў у Кракаве, дзе з 29 па 31 студзеня 2010 г. абвяшчаў вучэнне каля 100 святарам. Аб гэтым паведамляе агенцтва Zenit.org.
Вядомы тэолаг і аўтар многіх дагматычных прац прапанаваў увазе слухачоў практыку «Lectio Divina», над якой ён разам з Янам Паўлам ІІ разважаў падчас духоўных сустрэч у Апостальскай Сталіцы ў 2004 г.
Гамілію італьянскі іерарх прысвяціў цэнтральнаму становішчу Божага слова ў жыцці вернікаў і ў святарскім служэнні. Арцыбіскуп Фортэ заклікаў святароў прыгледзецца да жыцця згаданых у Святым Пісанні асобаў — Абрагама, Майсея, Панны Марыі, святых апосталаў Паўла і Яна. Арцыбіскуп Фортэ заклікаў святароў паглыбіць адносіны з Богам, а таксама рэалізоўваць сваё святарскае пакліканне аддана і верна. Сённяшні час арцыбіскуп Фортэ назваў «адзінотай сярод масы». Па словах душпастыра, многія, асабліва моладзь, сёння праводзяць доўгія гадзіны ў Інтэрнэце, верачы, што размаўляюць з іншымі людзьмі, аднак насамрэч застаюцца самотнымі, не маючы сапраўдных зносін. Аднак Божае слова — гэта добрая навіна для ўсіх адзінокіх, бо яно з’яўляецца Асобай, хоча дакрануцца да чалавечага сэрца і ўвайсці ў яго.
«Ці адчуваем мы цеплыню, прапаведуючы Божае слова іншым? Ці запальвае яно нашы сэрцы? — спытаў іерарх у прысутных святароў. — Прапаведванне Божага слова не можа быць паўтарэннем мёртвых слоў — яно павінна быць агнём, які палае і запальвае сэрцы іншых. Калі ж наша прапаведванне гэтага не робіць, гэта знак таго, што мы абвяшчаем не Божае слова, а наша ўласнае».
Кожная канферэнцыя арцыбіскупа Фортэ завяршалася шэрагам пытанняў, над якімі святары маглі паразважаць і даць адказ у асабістай малітве: «Дзеля чаго я жыву?», «Кім сапраўды з’яўляецца для мяне Езус?», «Ці з’яўляецца Ён жывым Богам, якога я сустрэў і з якім я хачу быць?», «Ці з’яўляецца Хрыстус адзінай мэтай майго жыцця?», «Ці гатовы я сказаць Яму „так“ раз і назаўсёды?».
Арцыбіскуп Фортэ таксама запрасіў слухачоў да глыбокага разважання над пытаннем веры, сцвярджаючы, што вера не з’яўляецца нейкай інтэлектуальнай гульнёй, а азначае адмаўленне ад ўсяго дзеля адзінага Збаўцы і заключаецца ў тым, каб любіць Езуса больш за ўсё і дэманстраваць Яму сваю адданасць.
Напрыканцы духоўнай сустрэчы арцыбіскуп Фортэ адказаў на пытанні святароў адносна Святога Пісання, падрыхтоўкі да святарства і некаторых душпастырскіх праблем, а таксама наконт бягучых падзей у жыцці Касцёла.
|