Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Кардынал Амата пра мучанікаў часоў камунізму: паміралі без зброі і спакойна
Рымская курыя
10.03.2017 10:36

«Мучанік памірае без зброі і спакойна, хоць і зносіць пры гэтым нечуваныя пакуты. Ён не праклінае, не асуджае, але прабачае, любіць і моліцца за сваіх катаў і ганіцеляў. Гэта хрысціянская адметнасць, якая ўражвае, здзіўляе, а часам садзейнічае навяртанню», — адзначыў 8 сакавіка кардынал Анджэла Амата.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі прыняў удзел у прэзентацыі кнігі «Сведкі веры. Асабісты і калектыўны досвед католікаў у Цэнтральнаўсходняй Еўропе пад камуністычнымі рэжымамі». Яе аўтар — выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, кс. Ян Мікрут.

У кнізе апісваецца пераслед Каталіцкага Касцёла ў краінах былога сацыялістычнага лагера, а таксама мужнае і часта гераічнае сведчанне католікаў гэтага рэгіёну. Пра мучанікаў савецкага рэжыму гаворка пойдзе ў асобным, другім томе кнігі: «Каталіцкі Касцёл ў Савецкім Саюзе. Ад рэвалюцыі 1917 года да перабудовы». Яе выданне будзе прымеркавана да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, паведаміў аўтар.

Кардынал Анджэла Амата лічыць, што тэма мучаніцтва не з’яўляецца анахранізмам, бо кожны год у свеце каля сотні тысяч хрысціян забіваюць па прычыне іх веры. Менавіта мучанікі былі першымі святымі хрысціянства, і сёння вернікі таксама пакліканы да сведчання, часам найвышэйшага, сваім жыццём, заўважыў ватыканскі іерарх.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі падкрэсліў, што Касцёл не забывае пра сваіх адважных сыноў і ў пацвярджэнне гэтаму прывёў прыклады шматлікіх сведкаў веры эпохі камунізму ў Еўропе, якія былі ўзнесены да хвалы алтароў на працягу апошніх гадоў.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 25.05.2017
  • 24.05.2017
  • 23.05.2017
  • 22.05.2017
  • 21.05.2017