Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўнік Святога Айца наведаў Алепа
Рымская курыя
25.01.2017 15:40

Ад імя Пантыфіка ў Сірыю вырушыў кс. прэлат Джамп’етра Даль Тосо, прадстаўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У суправаджэнні кардынала Марыё Цэнары, Апостальскага Нунцыя ў Сірыі, а таксама кс. прэлата Томаса Кабіба, канцлера нунцыятуры, 18–23 студзеня папскі пасланнік наведаў знішчанае вайною Алепа.

Гэта першы афіцыйны візіт прадстаўнікоў Апостальскага Пасаду пасля спынення ваенных дзеянняў у Алепа, як паведамляецца ў афіцыйнай заяве дыкастэрыі: «Членам дэлегацыі ўдалося сустрэцца з хрысціянскімі супольнасцямі і іх пастырамі, якія выказалі сваю ўдзячнасць Пантыфіку за яго сталую ўвагу да ўмілаванай Сірыі. Дэлегацыя наведала таксама каталіцкія дабрачынныя арганізацыі і некалькі прыстанкаў для бежанцаў. Акрамя гэтага, адбылося адкрыццё цэнтра гуманітарнай дапамогі, арганізаванага Caritas Aleppo у Ханано».

Прадстаўнікі Ватыкана прынялі ўдзел у экуменічным набажэнстве з нагоды Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. Адбылася таксама сустрэча членаў дэлегацыі з прадстаўнікамі ісламу, падчас якой асабліва падкрэслівалася «адказнасць рэлігій за выхаванне да міру і паяднання».

Як паведамляецца ў афіцыйным рэлізе, дабрачынныя арганізацыі здзяйсняюць тут важнае служэнне дзеля дабра сірыйцаў. Таксама звяртаецца ўвага, што на сёння галоўнымі праблемамі пацярпелых ад ваенных дзеянняў у Сірыі з’яўляюцца ежа, адзенне, аднаўленне адукацыйнага працэсу і медыцынскай дапамогі, рэканструкцыя і ўзвядзенне новых будынкаў.

Паводле CREDO
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.