Папа Францішак благаславіў новы санктуарый у Асізі | Друк |
Слова Папы
18.04.2017 08:12

Жамчужынай у рэлігійным ландшафце Асізі назваў Пантыфік новы санктуарый Адрачэння св. Францішка ад людскіх дабротаў. Аб’ект будзе ўрачыста адкрыты 20 мая 2017 г. у родным горадзе святога. З гэтай нагоды Пантыфік скіраваў ліст на імя біскупа Асізі Дамініка Сарэнціна.

Святы Айцец благаславіў новы санктуарый і ўсіх пілігрымаў, якія будучыць маліцца там, дзе «малады Францішак, скінуўшы з сябе ўсё, адмовіўся ад людскіх дабротаў, каб цалкам аддаць сябе Богу і братам». Праз гэты жэст «ён вызваліўся ад чараў залатога цяляці, пад якія трапіла яго сям’я, асабліва яго бацька, П’етра Бернандонэ», — напісаў Папа.

«Канешне, юнак, які пакаяўся, не збіраўся адносіцца да свайго бацькі з меншай павагай, але ён памятаў, што ахрышчаны чалавек павінен ставіць любоў да Хрыста вышэй за самыя дарагія прывязанасці», — дадаў ён.

Паводле папы Францішка, на жаль, праз дзве тысячы гадоў пасля абвяшчэння Евангелля і праз васемсот гадоў пасля сведчання св. Францішка «мы знаходзімся перад абліччам феномену “глабальнай няроўнасці” і “эканомікі, што забівае”, што ўдараюць па самых слабых, якімі сёння з’яўляюцца мігранты».

Папа выказаў спадзяванне, што новы санктуарый паспрыяе станаўленню больш справядлівага і згуртаванага грамадства. Ён пажадаў, каб Касцёл таксама скінуў з сябе марнасць і апрануўся ў евангельскія каштоўнасці.

Новы санктуарый будзе ўключаць у сябе асізскую катэдру Санта-Марыя-Маджорэ і месцы ў будынку мясцовага епіскапату, звязаныя з адрачэннем св. Францішка ад спадчыны свайго бацькі і зняццем адзення на знак поўнага аддання Богу. Гэты выпадак меў месца на самым пачатку яго навяртання, у 1207 годзе.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё



 
© 2003-2024 Catholic.by