Папа Францішак у інтэрв'ю DIE ZEIT : «Трэба прасіць Пана Бога аб веры» | Друк |
Слова Папы
16.03.2017 08:26

Папа Рымскі Францішак даў вялікае інтэрв’ю нямецкай газеце Die Zeit. Выданне апублікавала гутарку 9 сакавіка. У размове з журналістам Пантыфік адказаў на шэраг пытанняў — ад існаванне шатана да малітвы аб веры.

Вытрымкі з інтэрв'ю Святога Айца

— (...) Бываюць цалкам цёмныя моманты, калі я кажу: Божа, гэтага я не разумею! І гэта не толькі моманты ўнутранай цемры, а хвіліны збянтэжанасці, у якіх я сам вінаваты, бо я грэшнік, і тады я ўпадаю ў гнеў. Але між тым, я да гэтага прывык».

— Да ўласных грахоў?


— Не, проста я больш не ўпадаю ў гнеў (смяецца). Мой Пан Бог з’яўляецца Панам грэшнікаў, а не праведнікаў. Праведнікаў — таксама, але грэшнікаў ён любіць больш. Крызіс дапамагае нам расці ў веры. Без крызіса мы не можам расці, бо тое, што напаўняе нас сёння, заўтра не будзе больш напаўняць нас. Жыццё выпрабоўвае кожнага.

— Але ў свеце існуе не толькі вялікае няшчасце, але таксама і асабістыя катастрофы, якія прымушаюць сумнявацца ў веры. Бываюць моманты, калі сумняешся нават у тым, ці ёсць Бог, ці ёсць Езус. Вам такое знаёма?

— Так, так... (паўза). Моманты пустэчы... (паўза). Я казаў пра цёмныя моманты і пра пустыя моманты. Я ведаю таксама і пустыя моманты.

— Як вярнуцца да веры?

—  Вера — гэта падарунак. Яна даецца людзям.



— Яна вернецца сама?

— Я прашу аб гэтым, а Ён адказвае мне. Рана ці позна. Часам даводзіцца пераадолець крызіс. Вера — гэта не тое, што можна набыць.

— Але  што гэта? Гэта сіла, радасць, свет — што Вы адчуваеце ў сабе?

— Так, і гэта.

— Гэта таксама перакананне?

— Так, і тое, і іншае. Яна і свет, і перакананне, і герменеўтычная здольнасць...

— ... гэта значыць здольнасць інтэрпрытаваць тэксты?

— ...так, каб талкаваць жыццё. Вера — гэта падарунак. Што кажа Езус тым, у каго вера невялікая? Усё магчыма для таго, хто верыць! Што кажа мужчына, які прывёў да Яго свайго сына на аздараўленне? Дапамажы майму нявер’ю! Гэта шлях веры. Веру можна страціць. Гэта падарунак, аб якім трэба прасіць наноў кожны дзень. Як часта ў маім жыцці я грашыў, таму што дзейнічаў супраць маёй веры як няверуючы! Гэта моманты пустэчы. Трэба прасіць Пана Бога аб веры.

— Ці лічыце Вы, што чалавек па прыродзе добры — або добры і дрэнны адначасова?

— Чалавек — гэта вобраз Божы. Чалавек — добры. Але ён быў і слабым, ён паддаўся на спакусу і быў паранены. Дабрыня чалавека — параненая дабрыня.



— Ці робіць гэта людзей дрэннымі?

— Дрэннае — гэта нешта іншае, нашмат горшае. У міфічным аповедзе пра стварэнне свету ў Першай кнізе Майсея апісваецца грэхападзенне. Але Адам — не злы, ён проста слабы. Шатан падверг яго спакушэнню. Першую злую справу ўчыніў яго сын Каін. Каін дзейнічае не з-за слабасці, а з рэўнасці, зайздрасці і імкнення да валадарання. Гэта зло вайны, якое мы сустракаем ва ўсіх тых, хто забівае або вырабляе зброю. Тут дзейнічае дух зла.

— У гэтым пункце Вы вельмі канкрэтныя. У адрозненні ад іншых — у тым ліку і нямецкіх тэолагаў, якія бачаць у шатане метафару. Вы перакананы, што д’ябал існуе?

— Гэта правільна.

— Як Вы ўяўляеце сабе гэтага д’ябла?

— Гэтага я не ведаю, але часам ён тым не менш вельмі ўскладняе маё жыццё. Згодна з верай, д’ябал з’яўляецца анёлам, які ўпаў. І ў гэта я веру.

— Вы сапраўды верыце ў гэта?

— Так, гэта мая вера. У многіх спакусах, з якімі я павінен змагацца, вінаваты не д’ябал, а мае асабістыя слабасці. Але да многіх іншых ён верагодна мае дачыненне.

— Можаце прывесці прыклад?

— Гэта Вам трэба спытаць у майго спаведніка! (смяецца)

 

«Езус ніколі не размаўляў з шатанам»

— У чым, па Вашаму, справы шатана?

— Рэўнасць, зайздрасць, войны. Супраціўленне справам Божым, учынкі супраць чалавека як вобраза Божага — гэта справа шатана. Ведаеце, я з ім не размаўляю. З ім нельга размаўляць. Езус ніколі не размаўляў з шатанам.

— А ці трэба гаварыць з чалавекам, які забівае і знішчае, ці тады ты ўжо размаўляеш з д’яблам?

— Чалавек можа пераапрануцца ў д’ябла, ён можа нават лічыць сябе д’яблам і прадаць яму сваю душу, аднак ён заўсёды з’яўляецца вобразам Божым. Таму яго нельга ігнараваць.

— Ці верыце Вы, што Бог у рэшце рэшт мог бы дараваць такім масавым забойцам, як Гітлер або Сталін?

— Я гэтага не ведаю, магчыма… Я гэта не ведаю. Але я магу Вам расказаць, што мяне глыбока кранула. У бургундскім мястэчку Вэзле, там, дзе пачынаецца шлях Святога Якуба — стаіць базыліка Святой Марыі Магдалены. Там ёсць капітэль, на адным баку якой можна пабачыць Юду, які павесіўся, а на іншым — добрага пастыра, які нясе яго на сваіх плячах. Пан Бог даруе да апошняга.

— Але яго трэба прасіць аб прабачэнні?

— Прынамсі трэба адчуваць цяжар свайго граху. Я не сцвярджаю, што Юда знаходзіцца на небе і выратаваны. Але я не сцвярджаю і адваротнае. Я толькі кажу: паглядзіце на гэту капітэль і на тое, што думалі манахі Сярэднявечча, якія вучылі людзей катэхізісу сваімі скульптурамі. І паглядзіце на Біблію, у якой сказана: калі Юда ўсведамляе тое, што зрабіў, ён пакаянна ідзе да першасвятароў. Біблія выкарыстоўвае слова «пакаянне». Можа быць, ён не прасіў аб прабачэнні, але ён раскайваўся.

— Будзем спадзявацца, што так яно і было!

— Чым больш з Богам, тым лепш.

— Ці лічыце Вы законным маліцца аб сваёй уласнай карысці?

— Што Вы маеце на ўвазе?

— Ну, напрыклад, дапамажы мне выйграць футбольны матч, зрабі так, каб у мяне было дастаткова грошай на пакупку машыны. Вы сказалі, што законна маліцца за сваю веру.

— Так, маліцца за веру — гэта законна.



— Дзе, на Ваш погляд, межы малітвы?

— Можна прасіць аб добрым. Напрыклад: дапамажы мне сабраць неабходныя грошы, каб я змог пракарміць сваю сям’ю ў гэтым месяцы. Гэта законна. Але маліцца: зрабі так, каб я атрымаў шмат грошай або больш уплыву, — гэта незаконна. Бо тады просяць аб чымсьці, што прывядзе яго да ўлады свецкага. Хоць спытаць можна пра ўсё, але...

Падчас апошняй сустрэчы Езус вядзе гаворку са сваімі вучнямі і кажа, што ён аб іх памоліцца. А аб чым ён маліўся? Аб тым, каб Яго Айцец пакінуў іх жывымі, але абараніў іх ад духа свецкага.

Мы не павінны прасіць аб духу свецкага, які з’яўляецца пагардай і прыгнятаннем, а прасіць пра рэчы, якія ствараюць свет, робяць нас братамі, даюць мір і дабро. Маліцца: дапамажы мне забіць маю жонку — відавочна, далёка не адпавядае гэтаму.

— Мафіёзі часам робяць знак крыжа, перш чым кагосьці забіць.

— Гэта хвароба. Гэта хвароба выкарыстоўваць рэлігію, як, напрыклад, некаторыя мафіёзі ў Паўднёвай Амерыцы. Яны называюць сябе хрысціянамі і наймаюць забойцу, каб рашыць якуюцьці праблему. А пасля гэтага яны ідуць у касцёл.

— Хоць Вы і сказалі вышэй, што ўжо не так часта ўпадаеце ў гнеў, але Вас не абураюць такія рэчы?

— Крыху. Але куды больш мяне абурае, калі Касцёл вядзе сябе не так, як прадпісвае Евангелле.

***
— Я не лічу сябе кімсьці асаблівым. Хутчэй, я лічу, што я не заслугоўваю гэтага, што гэта перабольшванне. Я не хачу сказаць, што я «бедалага», але я цалкам нармальны чалавек, які робіць тое, што можа. Так я сябе адчуваю. І калі хтосьці невядома што пра мяне кажа, то мне гэта не падабаецца.

Я хачу быць шчырым: з моманту, як мяне абралі Папам, я не страціў свайго спакою. Я магу зразумець, што некаторым не падабаецца, як я абыходжуся з некаторымі рэчамі, гэта цалкам нармальна. Кожны мае права на сваё меркаванне. Гэта законна, чалавечна і гэта абагачае.

Пра візіт у Расію і Украіну

— Мяне запрасілі ў Германію. Але ў гэтым годзе будзе складана, запланавана так шмат паездак (...). Я не магу паехаць у Расію, бо тады я павінен быў бы паехаць таксама ва Украіну. Куды важней была б паездка ў Паўднёвы Судан, але я не думаю, што гэта магчыма. Была запланавана таксама паездка ў Конга, але з Кабілай наўрад ці атрымаецца. У праграме застаюцца яшчэ Індыя, Бангладэш і Калумбія, адзін дзень прадугледжаны для Фацімы. Яшчэ прадугледжана азнаямляльная паездка ў Егіпет.

Паводле sib-catholic.ru (IL)
Пераклад інтэрв'ю на рускай мове па спасылцы

 
© 2003-2024 Catholic.by