Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: трэба забяспечыць непаўналетнім мігрантам ахову і абарону
Слова Папы
18.01.2017 09:24

«Неабходна прадпрыняць усе магчымыя меры, каб забяспечыць непаўналетнім мігрантам ахову і абарону, а таксама іх інтэграцыю», —  заклікаў папа Францішак пасля малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра 15 студзеня.

У гэты дзень адзначаўся Сусветны дзень мігранта і бежанца, прысвечаны тэме «Непаўналетнія мігранты: безабаронныя і пазбаўленыя голасу».

«Гэтым нашым маленькім братам, асабліва пазбаўленым нагляду, пагражае шмат небяспекаў. Я вам кажу, што іх шмат!», — дадаў Пантыфік.

Святы Айцец скіраваў асаблівае прывітанне прадстаўнікам розных этнічных супольнасцяў, сабраных на плошчы: «Дарагія сябры, я жадаю вам спакойнага жыцця ў тых месцах, дзе вас прымаюць, з павагаю да іх законаў і традыцый і ў той жа час захоўваючы каштоўнасці вашых родных культураў. Сустрэча розных культураў — гэта заўсёды ўзбагачэнне для ўсіх!»

«Я дзякую бюро Migrantes Рымскай дыяцэзіі і тым, хто працуе з мігрантамі, прымаючы іх і дапамагаючы ім у іх цяжкасцях, і заахвочаю іх працягваць гэтую справу, памятаючы заўсёды пра прыклад святой Францішкі Ксавэрыі Кабрыні, апякункі мігрантаў, стагоддзе смерці якой прыпадае сёлета. Гэта адважная сястра прысвяціла сваё жыццё, каб несці любоў Хрыста тым, хто апынуўся далёка ад сваёй радзімы і сям’і. Няхай яе сведчанне дапамагае нам клапаціцца пра кожнага вандроўнага брата, у якім прысутнічае Хрыстус, часта церпячы, адкінуты і прыніжаны. Колькі разоў у Бібліі Пан прасіў нас прымаць вандроўнікаў і чужынцаў, нагадваючы нам, што і мы таксама вандроўнікі!» — нагадаў Святы Айцец.

Дк. Мікола Гракаў
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.