Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: «Малітва — найбольш важны “працоўны інструмент” у нашых руках»
Слова Папы
25.07.2016 01:30

24 ліпеня ў разважаннях перад «Анёл Панскі» Папа Францішак патлумачыў важнасць малітвы «Ойча наш» і адзначыў, што настойлівая просьба да Бога служыць не перакананню Яго ў чымсьці, але ўмацаванню нашай веры і цярпення, здольнасці разам з Богам змагацца за рэчы сапраўды важныя.

«Евангелле гэтай нядзелі (Лк 11, 1-13) пачынаецца са сцэны Езуса, які моліцца ў адзіноце, у пэўным месцы, — нагадаў Папа. — І калі Ён скончыў, вучні папрасілі Яго: “Пане, навучы нас маліцца” (Лк 11, 1). Ён адказаў: “Калі моліцеся, кажыце: Ойча...”(Лк 11, 2). Гэтае слова з’яўляецца таямніцай малітвы Езуса, ключом, які Ён дае нам, каб мы маглі ўвайсці ў гэтыя даверныя адносіны дыялогу з Айцом, якія суправаджалі і падтрымлівалі ўсё Яго жыццё”. “Ойча!”

Са зваротам “Ойча” Езус спалучае дзве просьбы: “Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Валадарства Тваё” (Лк 11, 2). Малітва Езуса, а такім чынам і хрысціянская, — гэта, перш за ўсё, прапанаванне месца для Бога, дазваляючы аб’явіцца Яго святасці ў нас і развіваць Яго Валадарства, пачынаючы ад магчымасці рэалізацыі валадарання Яго любові ў нашым жыцці.

У версіі св. Лукі тры іншыя просьбы дапаўняюць малітву “Ойча наш”. Яны выказваюць нашы асноўныя патрэбы: хлеб, прабачэнне і дапамогу ў пераадоленні спакусы (Лк 11, 3-4). Нельга жыць без хлеба, нельга жыць без прабачэння, нельга жыць без Божай дапамогі ў пераадоленні спакусы. Хлеб, аб якім Езус заклікае нас прасіць, — гэта хлеб неабходны, а не лішні. Гэта хлеб пілігрымаў, справядлівы, хлеб, якога не назапашваюць і не марнуюць, які не абцяжарвае ходу.

Прабачэнне — гэта, перш за ўсё, тое, што мы самі атрымліваем ад Бога: толькі ўсведамленне быцця грэшнікамі, якія атрымалі прабачэнне праз бясконцую міласэрнасць Бога, можа даць нам канкрэтныя акты братняга прымірэння. Калі хтосьці не адчувае сябе грэшнікам, які атрымаў прабачэнне, ніколі не зможа зрабіць жэст прабачэння, прымірэння. Трэба пачаць з самой глыбіні сэрца, якое адчувае сябе прабачаным грэшнікам. Апошняя просьба — “не ўводзь нас у спакусу” — выказвае ўсведамленне нашага стану, пастаяннага знаходжання перад небяспекай зла і сапсутасці. Мы ўсе ведаем, што такой спакуса.

Вучэнне Езуса аб малітве працягваецца ў дзвюх прыпавесцях, у якіх Ён паставіў у якасці прыкладу паводзіны аднаго сябра да іншага і бацькі да свайго дзіцяці (Лк 11, 5-6). Абедзве павінны навучыць нас поўнаму даверу да Бога, які для нас — Айцец. Ён ведае лепш, чым мы самі, нашы патрэбы, але хоча, каб мы прадстаўлялі іх перад Ім смела і нястомна, таму што гэта наш спосаб удзелу ў Яго справе збаўлення. Малітва з’яўляецца тут першым і найбольш важным “працоўным інструментам”. Паслухайце ўважліва: малітва — гэта першы і найбольш важны “працоўны інструмент” у нашых руках! Настойлівае патрабаванне ад Бога служыць не перакананню Яго ў чымсьці, але ўмацаванню нашай веры і цярпення, гэта значыць нашай здольнасці змагацца разам з Богам за рэчы сапраўды важныя і неабходныя. У малітве мы разам: Бог і я з усіх сіл змагаемся за важныя рэчы.

Сярод іх ёсць адна вялікая, найбольш важная з усіх, пра якія кажа Езус у сённяшнім Евангеллі, але аб якой мы амаль ніколі не просім, і гэта Святы Дух. Дайце мне Святога Духа. І Езус кажа: “Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто папросіць у Яго” (Лк 11, 13).

Святы Дух... прасіць, каб Святы Дух прыйшоў у нас. Але чаму Святы Дух? Бо Ён служыць таму, каб жыць добра, жыць мудра і з любоўю, выконваючы Божую волю. Якая прыгожая малітва была б на гэтым тыдні, калі б кожны з нас маліўся да Айца: Ойча, дай мне Святога Духа! Марыя сведчыць аб гэтым сваім жыццём, цалкам анімаваным Божым Духам. Няхай яна дапаможа нам маліцца да Айца ў яднанні з Езусам, каб жыць не так, як свет, але паводле Евангелля, кіруючыся Святым Духам».

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі Папа Францішак папрасіў іх не забывацца маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.