Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Езус суправаджае сваіх вучняў праз Святога Духа
Слова Папы
02.05.2016 18:24

Пра тое, што менавіта Святы Дух дазваляе адчуваць прысутнасць Езуса, адрозніваць дабро ад зла ў думках і дзеяннях, практыкаваць міласэрнасць, нагадаў Папа Францішак, сустракаючыся з вернікамі на нядзельнай малітве «Regina Caeli» ў Ватыкане 1 мая.

«Сённяшняе Евангелле вядзе нас у Вячэрнік. Падчас Апошняй Вячэры, перад сваёй мукай і смерцю на крыжы, Езус паабяцаў апосталам дар Святога Духа, які будзе мець задачу навучання і напаміну супольнасці вучняў Яго слоў, - адзначыў Папа. - Сам Езус кажа: “Суцяшальнік, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам” (Ян 14, 26). Навучанне і напамін. Гэта робіць Святы Дух у нашых сэрцах.

Езус, калі павінен вярнуцца да Айца, аб’яўляе аб прыходзе Святога Духа, які, у першую чаргу, навучыць вучняў больш поўнаму разуменню Евангелля, яго прыняццю ў жыцці і яго ажыццяўленню і распаўсюджванню праз сведчанне. Давяраючы апосталам – гэта значыць “пасланым” – місію абвяшчэння Евангелля ва ўсім свеце, Езус абяцае, што не пакіне іх: з імі будзе Святы Дух, Суцяшальнік, які будзе побач з імі, больш за тое, будзе ў іх, каб бараніць і падтрымліваць. Езус вяртаецца да Айца, але па-ранейшаму суправаджае і навучае сваіх вучняў праз дар Святога Духа.

Другі аспект місіі Святога Духа – гэта дапамога апосталам прыгадваць сабе словы Езуса. Боскі Настаўнік ужо даў ўсё, што павінен быў даць апосталам: з Ім, Уцелаўлёным Словам, аб’яўленне дасягнула паўнаты. Святы Дух будзе нагадваць вучэнне Езуса ў розных канкрэтных абставінах жыцця, каб яго можна было рэалізаваць. Менавіта так гэта ўсё адбываецца і сёння ў Касцёле, якім кіруе святло і сіла Святога Духа, каб ён мог прынесці ўсім дар збаўлення, гэта значыць Божую любоў і міласэрнасць. Напрыклад, калі кожны дзень вы чытаеце – як я вам рэкамендаваў – фрагмент, некалькі слоў з Евангелля, трэба прасіць Святога Духа: “Дапамажы разумець і памятаць словы Езуса”. А потым трэба чытаць гэты ўрывак кожны дзень... Але спачатку варта памаліцца да Святога Духа, які прысутнічае ў нашых сэрцах: “Дапамажы разумець і памятаць”.

Мы не самотныя: Езус побач з намі, пасярод нас, у нас! Яго новая прысутнасць у гісторыі адбываецца праз дар Святога Духа, праз якога можна наладзіць жывую сувязь з Ім, укрыжаваным і ўваскрослым. Святы Дух, які сышоў на нас праз сакрамэнты хросту і канфірмацыі, дзейнічае ў нашым жыцці. Ён вядзе нас у вобразе мыслення, дзеяння, адрознівання дабра ад зла. Ён дапамагае нам практыкаваць міласэрнасць Езуса, Яго ахвяраванне сябе іншым, асабліва самым патрабуючым.

Мы не самотныя! І прыкметай прысутнасці Святога Духа з’яўляецца таксама спакой, які Езус дае сваім вучням: “Спакой Мой даю вам” (Ян 14, 27). Ён адрозніваецца ад таго, які жадаюць і які спрабуюць рэалізаваць людзі. Спакой Езуса зыходзіць ад перамогі над грахом, эгаізмам, які перашкаджае нам любіць адзін аднаго, як браты. Гэта дар ад Бога, і знак Яго прысутнасці. Кожны вучань, закліканы сёння ісці за Езусам, несучы крыж, прымае ў сабе спакой Хрыста Укрыжаванага і Уваскрослага ва ўпэўненасці ў Яго перамозе і ў чаканні Яго апошняга прыйсця.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам паслухмяна прыняць Святога Духа, як унутранага настаўніка і як жывую памяць пра Хрыста ў нашым штодзённым падарожжы”.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі Папа Францішак нагадаў, што 2 мая ў Рыме пачынаецца міжнародная канферэнцыя «Устойлівае развіццё і найбольш уразлівыя формы занятасці». Пантыфік выказаў спадзяванне, што гэты форум «дапаможа прыцягнуць увагу ўладаў, палітычных і эканамічных інстытутаў, грамадзянскай супольнасці да мадэлі развіцця, якая ўлічвае чалавечую годнасць, у поўнай адпаведнасці з заканадаўствам аб працы і ахове навакольнага асяроддзя».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.