Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Марыя, Пётр і Павел – нашы гіды па шляху веры і святасці»
Слова Папы
29.06.2015 20:52

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 29 чэрвеня Папа Францішак прывітаў арцыбіскупаў-мітрапалітаў, прызначаных на працягу апошняга года, і дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату, якая, як штогод, прымае ўдзел ва ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ватыкане.

Пантыфік нагадаў таксама, што з 5 па 13 ліпеня будзе знаходзіцца ў Эквадоры, Балівіі і Парагваі.

“Сённяшняя ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, як вы ведаеце, адзначаецца ў Паўсюдным Касцёле, але з асаблівай радасцю яе перажывае Касцёл Рыма, таму што ў іх сведчанні, запячатаным крывёю, ляжыць яго фундамент, - сказаў Папа. - Рым мае асаблівую любоў і ўдзячнасць да гэтых Божых людзей, якія прыйшлі з далёкай краіны, каб прапаведаваць, цаной свайго жыцця, Евангелле Хрыста, якому цалкам прысвяцілі сябе. Слаўная спадчына гэтых двух апосталаў з’яўляецца крыніцай духоўнага гонару для Рыма і, у той жа час, заклікам жыць хрысціянскімі цнотамі, асабліва верай і любоўю: верай у Езуса як Месію і Сына Божага, якую Пётр вызнаў першым, а Павел прапаведаваў народам; і любоўю, з якой Касцёл быў пакліканы да служэння ва ўніверсальнай перспектыве.

У малітве “Анёл Панскі” мы аб’ядноўваем успамін святых Пятра і Паўла з успамінам Марыі, жывога вобразу Касцёла, Нявесты Хрыста, які “акрапілі ўласнай крывёй”. Пётр асабіста ведаў Марыю і падчас размовы з ёй, асабліва ў дзень напярэдадні Пяцідзясятніцы (Дз 1,14), мог паглыбіць разуменне таямніцы Хрыста. Павел, абвяшчаючы выкананне плану збаўлення “ў поўні часоў”, не прамінуў успомніць “жанчыну”, ад якой Сын Божы нарадзіўся ў часе (пар. Гал 4, 4).

У евангелізацыі абодвух апосталаў тут у Рыме ляжаць таксама карані глыбокага і шматвяковага набажэнства рымлян да Панны Марыі, да якой звяртаюцца “Salus Populi Romani”. Марыя, Пётр і Павел – нашы спадарожнікі ў пошуках Бога, нашы гіды па шляху веры і святасці. Яны штурхаюць нас да Езуса, каб мы выконвалі ўсё, чаго Ён ад нас патрабуе. Будзем заклікаць іх дапамогу, каб нашы сэрцы маглі быць заўсёды адкрытымі да натхненняў Святога Духа і да сустрэчы з братамі.

Падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, якая адбылася сёння раніцай у базыліцы св. Пятра, я асвяціў паліі для арцыбіскупаў-мітрапалітаў, прызначаных за мінулы год, з розных частак свету. Я зноў хачу прывітаць іх і выказаць мае віншаванні ім, іх сваякам і тым, хто суправаджае іх падчас гэтай важнай падзеі. Няхай палій, паглыбляючы камунію з Пасадам св. Пятра, заўсёды будзе стымулам для ўсё больш і больш ахвярнага служэння людзям, давераным іх пастырскай апецы. Падчас гэтай урачыстасці я з радасцю вітаў членаў дэлегацыі, якая прыбыла ў Рым ад імя Сусветнага Патрыярха, умілаванага брата Барталамея I, каб, як кожны год, удзельнічаць ва ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэтая прысутнасць з’яўляецца знакам братэрскіх сувязяў паміж нашымі Цэрквамі. Будзем маліцца, каб паміж намі ўмацаваўся працэс адзінства.

Мы молімся сёння асабліва за горад Рым і просім для яго духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту. Няхай Божая ласка падтрымлівае ўсіх жыхароў Рыма, каб жылі поўняй хрысціянскай веры, якую сведчылі з гарачым імкненнем святыя апосталы Пётр і Павел. Няхай за нас заступаецца Найсвяцейшая Дзева, Каралева Апосталаў”.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа прывітаў усіх, хто сабраўся на плошчы св. Пятра, і папрасіў іх маліцца за поспех яго візіту ў Лацінскую Амерыку, які пачынаецца ў наступную нядзелю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.