Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў маліцца за Сінод Біскупаў на тэму сям’і
Слова Папы
25.03.2015 18:42

Касцёл не пакідае сям’ю, нават калі яна падвяргаецца прыніжэнням або ўпадае ў грэх, адзначыў Папа Францішак 25 сакавіка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. У сваёй катэхезе Святы Айцец нагадаў пра клопат Касцёла аб сем’ях і важнасць малітвы за Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які пройдзе ў кастрычніку 2015 г.

“25 сакавіка ў Касцёле ўрачыста адзначаецца Звеставанне, пачатак таямніцы Уцелаўлення. Арханёл Габрыэль наведаў сціплую дзяўчыну з Назарэта і абвясціў, што яна зачне і народзіць Сына Божага. Гэтым абвяшчэннем Пан асвяціў і ўмацаваў веру Марыі, а затым і яе мужа Юзафа, каб Езус мог нарадзіцца ў чалавечай сям’і. Гэта вельмі цудоўна: паказвае нам, наколькі глыбокай з’яўляецца таямніца Уцелаўлення, пажаданая Богам. Яна прадугледжвае не толькі зачацце ва ўлонні маці, але таксама прыняцце ў сапраўднай сям’і. Сёння я б хацеў сузіраць разам з вамі прыгажосць гэтай сувязі, гэтай спагадлівасці Бога. Мы можам пачаць гэта, памаліўшыся разам “Вітай, Марыя”, у першай частцы якой паўтараюцца словы, што Анёл скіраваў да Панны”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы Святы Айцец нагадаў, што 25 сакавіка ў многіх краінах свету адзначаецца Дзень абароны жыцця, і менавіта на гэты дзень прыпадае 20-годдзе энцыклікі св. Яна Паўла ІІ “Evangelium vitae”.  

“У “Evangelium vitae” сям’я займае цэнтральнае месца, паколькі з’яўляецца ўлоннем чалавечага жыцця . Слова майго паважанага папярэдніка нагадвае нам, што чалавечая пара была ад самага пачатку благаслаўлёнай Богам на стварэнне супольнасці любові і жыцця, якой была даверана місія пракрэацыі. Хрысціянскія сужэнцы, цэлебруючы сакрамэнт сужэнства, абавязуюцца спаўняць гэтае благаслаўленне, дзякуючы ласцы Хрыста, на працягу ўсяго жыцця. Касцёл, са свайго боку, урачыста абавязуецца клапаціцца аб сям’і, якая ў ім нараджаецца, у радасці і няшчасці, як аб дары Божым для свайго ўласнага жыцця: сувязь паміж Касцёлам і сям’ёй – сакральная і непарыўная. Касцёл, як маці, ніколі не пакідае сям’ю, нават калі тая становіцца прыніжанай, параненай або падвергнутай рознага кшталту ўмярцвенням. Нават калі яна ўпадае ў грэх або аддаляецца ад Касцёла, ён заўсёды будзе намагацца клапаціцца аб ёй і аздараўляць яе, запрашаць да навяртання і прымірэння з Панам”, - сказаў Пантыфік.

Для выканання гэтай місіі, па словах Святога Айца, Касцёл патрабуе малітвы, поўнай любові да сям’і і жыцця, здольнай радавацца з тымі, хто радуецца, і пакутаваць з тымі, хто пакутуе. У сувязі з гэтым Пантыфік прапанаваў вернікам аднавіць малітву за Сінод Біскупаў аб сям’і, чарговы этап якога пройдзе ў кастрычніку 2015 г.

“Я б хацеў, каб гэтая малітва, як і ўвесь сінадальны шлях, была натхнёна спагадлівасцю Добрага Пастыра да свайго статку, асабліва да асобаў і сем’яў, якія па розных прычынах “знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра”. Так, падтрыманы і натхнёны ласкай Божай, Касцёл зможа быць яшчэ больш адказным, яшчэ больш паяднаным у сведчанні аб праўдзе любові Божай і Яго міласэрнасці да сем’яў свету, не выключаючы ніводнай з іх, як унутры, так і па-за аўчарняй”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што маліцца ў інтэнцыі Сінода Біскупаў аб сям’і пакліканы ўсе – Папа, кардыналы, біскупы, святары, законнікі і законніцы, свецкія вернікі. “Ёсць патрэба ў гэтым, а не ў пляткарстве!” – дадаў Папа. На заканчэнне адбылася супольная малітва ў гэтай інтэнцыі ўсіх сабраных на галоўнай ватыканскай плошчы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.