Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік прыняў Прэзідэнта Палесціны
Святы Айцец
15.01.2017 15:31

Францішак прыняў на аўдыенцыі 14 студзеня Прэзідэнта Палесціны Махмуда Абаса. Затым палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетро Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

У ходзе перамоваў адзначаліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Палесцінай, умацаваныя базавым пагадненнем, заключаным у 2015 г. адносна важных аспектаў жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў палесцінскім грамадстве. У гэтым кантэксце ўзгадвалася пра ўнёсак католікаў на карысць спрыяння чалавечай годнасці і дапамогі самым патрабуючым, асабліва ў сферы адукацыі, аховы здароўя і дабрачыннасці.

Гаворка ішла таксама пра мірны працэс на Блізкім Усходзе. Выказвалася надзея на аднаўленне прамых перамоваў паміж бакамі дзеля спынення насілля, якое выклікае непрымальныя пакуты грамадзянскага насельніцтва, а таксама дзеля справядлівага і доўгатрывалага рашэння. З гэтай мэтай выказвалася пажаданне, каб пры дапамозе міжнароднай супольнасці былі прадпрыняты меры па спрыянні ўзаемнаму даверу і стварэнні атмасферы, якая дазволіць прыняць мужныя рашэнні на карысць міру.

Адзначалася таксама важнасць захавання сакральнага характару святых месцаў для вернікаў усіх трох абрамічных рэлігій. Асаблівая ўвага звярталася на іншыя канфлікты, якія трываюць у рэгіёне.

Папа Францішак сустрэўся з Махмудам Абасам ужо ў пяты раз. У 2016 г. Палесціна адкрыла пасольства пры Святым Пасадзе, што стала вынікам базавага пагаднення, падпісанага 26 чэрвеня 2015 г. Першым у гісторыі паслом стаў 42-гадовы Іса Касісіех, былы намеснік кіраўніка бюро прэм’ер-міністра палесцінскай адміністрацыі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.