Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Іранскі аятала падзякаваў Папу Францішку
Святы Айцец
23.08.2016 22:04

Вялікі аятала Насэр Макарэм Шыразі напісаў Святому Айцу ліст, у якім падзякаваў за асуджэнне параўнання ісламу з тэрарызмам і насіллем.

Нагодай для паслання сталі словы Папы, прамоўленыя 31 ліпеня падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Кракава ў Рым. Пантыфік тады адзначыў, што «несправядліва і няслушна атаясамліваць іслам з насіллем і тэрарызмам», а гвалтоўныя людзі ёсць сярод вызнаўцаў розных рэлігій.

Вялікі аятала назваў вартымі захаплення «мудрыя і лагічныя заключэнні» Святога Айца аб ісламе, якія «адрозніваюць рэлігію ад нечалавечых і зверскіх дзеянняў блюзнерскіх сектаў», такіх, як «Ісламская дзяржава». У пасланні падкрэсліваецца важнасць заняцця сусветнымі рэлігійнымі лідарамі «яснай і цвёрдай» пазіцыі супраць насілля і варварства, «асабліва калі гэтыя дзеянні чыняцца ў імя рэлігіі».

Мусульманскі лідар рашуча асудзіў забойства тэрарыстамі 26 ліпеня ў Руане французскага святара кс. Жака Амеля, нагадваючы, што з аналагічным асуджэннем выступіла супольнасць мусульманскіх навукоўцаў і пераважная большасць вызнаўцаў ісламу.

Паводле яго слоў, секты на падабенства «Ісламскай дзяржавы» ўяўляюць сабой «найгоршы крызіс сучаснай эпохі», іх «варварскія дзеянні не маюць нічога супольнага з рэлігіямі і іх філасофскімі школамі, а з’яўляюцца хутчэй плёнам матэрыялістычнага плану нейкай велізарнай амаральнай суперсілы, якая не шукае нічога, акрамя большага незаконнага абагачэння». Аятала выказаў пажаданне, каб дзейнасць экстрэмісцкіх і тэрарыстычных груп была спынена як мага хутчэй.

З асуджэннем джыхадзістаў выступіў 21 жніўня і кароль Марока Мухамед VI бен аль Хасан. «Перад абліччам экспансіі цемрашальства, якое распаўсюджваецца ад імя рэлігіі, усе — мусульмане, хрысціяне, юдэі — павінны стварыць агульны фронт для супрацьстаяння фанатызму, нянавісці і самаізаляцыі ва ўсіх формах», — заявіў манарх у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.