Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа: «Быць сведкамі міласэрнасці ва ўсіх асяроддзях»
Святы Айцец
22.08.2016 18:47

Кожны хрысціянін пакліканы быць сведкам міласэрнасці, перамагаючы злапамятнасць, якая ахапіла свет, падкрэсліў Папа Францішак y пасланні да ўдзельнікаў італьянскага Нацыянальнага літургічнага тыдня.

Форум будзе праходзіць у Губіа да 25 жніўня на тэму «Літургія як месца міласэрнасці». У звароце, скіраваным за подпісам Дзяржсакратара кардынала П’етро Параліна, Святы Айцец падкрэсліў, што да прабачэння чалавека падштурхоўвае ўсведамленне таго, што ён сам быў прабачаны. Такім чынам, па словах Папы, важна, каб асабістае прымірэнне з Богам садзейнічала прымірэнню іншых людзей. «Міласэрнасць Айца не можа быць закрыта ў прыватных і самасуцяшаючых паставах, бо яна мае сілу абнаўляць людзей і рабіць іх здольнымі несці іншым жывы досвед гэтага дару», — гаворыцца ў пасланні.

Па словах Пантыфіка, неабходна «быць сведкамі міласэрнасці ва ўсіх асяроддзях, абуджаючы жаданне і здольнасць прабачаць». «Гэта заданне, да якога мы ўсе пакліканы, асабліва перад абліччам злапамятанасці, у якой закрылася шмат людзей, маючых патрэбу ў тым, каб адшукаць радасць унутранага спакою і смак міру», —дадае Папа.

Пантыфік пажадаў, каб «усё больш сталела ўсведамленне літургіі як крыніцы і вяршыні касцёльнага і асабістага жыцця, поўнага міласэрнасці і спачування». Як заўважыў Святы Айцец, калі стараемся перажываць кожную літургічную падзею «з позіркам, скіраваным на Езуса і Яго міласэрнае аблічча, можам пазнаць любоў Найсвяцейшай Тройцы».

Папа адзначыў, што «дар міласэрнасці асаблівым чынам ззяе ў сакрамэнце пакаяння і прымірэння». У ім, па словах Пантыфіка, адбываецца сустрэча з адраджаючай міласэрнасцю Бога, якая стварае «новых людзей для абвяшчэння добрай навіны Евангелля праз прыміранае і прыміраючае жыццё».

Нацыянальны літургічны тыдзень — штогадовае мерапрыемства, якое арганізуецца Каталіцкім Касцёлам у Італіі. Сёлетні форум пройдзе ў 67-ы раз.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.