Святы Айцец падзякаваў за правядзенне cёлетніх СДМ | Друк |
Святы Айцец
18.08.2016 14:29

Папа Францішак скіраваў ліст на імя Мітрапаліта Кракаўскага кардынала Станіслава Дзівіша, у якім выказаў падзяку за правядзенне Сусветных дзён моладзі. Кракаўскі форум Пантыфік назваў «незабыўнымі днямі веры і малітвы».

Папа падзякаваў усім, хто паспрыяў арганізацыі СДМ, і прызнаўся, што меў магчымасць перажыць «хвіліны глыбокай еднасці з архідыяцэзіяльнай супольнасцю і пазнаёміцца з энтузіязмам веры невымернай колькасці моладзі з розных кантынентаў».

Па словах Пантыфіка, пашана, з якой яго прымалі ў касцёльных і свецкіх асяродках, сведчыць аб любові палякаў да Касцёла і глыбокіх пачуццях да св. Яна Паўла ІІ. Папа заклікаў духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Кракаўскай архідыяцэзіі нястомна сведчыць аб Божай міласэрнасці.

«Праз заступніцтва Марыі прашу Пана аб багацці дароў і ласкаў для цябе і ўсіх, хто давераны тваёй душпастырскай апецы, асабліва для моладзі, на час узрастання ва ўсё больш грунтоўнай прывязанасці да Евангелля», — з такімі словамі Святы Айцец звярнуўся да Мітрапаліта Кракаўскага.

Сёлетнія Сусветныя дні моладзі праходзілі 25-31 ліпеня. У святой Імшы, якую папа Францішак цэлебраваў на іх заканчэнне, прынялі ўдзел каля 1,6 млн. чалавек. Наступны форум адбудзецца ў 2019 г. у Панаме.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by