Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заснаваў Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця
Святы Айцец
17.08.2016 14:16

15 жніўня Папа Францішак заснаваў новую Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця. 17 жніўня ў Ватыкане быў апублікаваны адпаведны Апостальскі ліст Пантыфіка ў форме «Motu propriо».

У лісце гаворыцца, што «Касцёл, клапатлівая Маці, заўсёды на працягу стагоддзяў з вялікай увагай і павагай ставіцца да свецкіх вернікаў, сям’і і жыцця, выяўляючы любоў міласэрнага Збаўцы да чалавецтва».

Таксама і на Пантыфіку, як Пастыру статку Пана, ляжыць такі абавязак. Сюды ўпісваецца і імкненне, каб дыкастэрыі Рымскай курыі адпавядалі ўмовам часу і дзейнічалі адпаведна патрэбам Паўсюднага Касцёла. У прыватнасці, гаворка ідзе пра свецкіх вернікаў, сям’ю і жыццё, якія патрабуюць падтрымкі і дапамогі, паколькі «з’яўляюцца актыўнымі сведкамі Евангелля ў наш час і выразам дабрыні Збаўцы», сказана ў папскім дакуменце.

«Таму, старанна ацаніўшы ўсе рэчы, нашай апостальскай уладай мы ўстанаўліваем Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця, дзейнасць якой будзе рэгулявацца адмысловымі Статутамі. Абавязкі і функцыі, якія дагэтуль належалі да Папскай рады па справах свецкіх і Папскай рады па справах сям’і, будуць перададзены Дыкастэрыі з 1 верасня бягучага года, са спыненнем існавання вышэйзгаданых Папскіх радаў», — напісаў Пантыфік у сваім Апостальскім лісце.

17 жніўня Папа прызначыў і прэфекта новастворанай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Ім стаў 68-гадовы амерыканскі біскуп ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл, які да гэтага быў пастырам Даласкай дыяцэзіі ў ЗША. Родны брат іерарха Браян Фарэл таксама працуе ў структурах Рымскай курыі — з’яўляецца сакратаром Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Раней, 4 чэрвеня, Папа Францішак зацвердзіў «ad experimentum» cтатут Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, з якога вынікае, што новая Дыкастэрыя будзе падзелена на тры Секцыі: па справах свецкіх вернікаў, па справах сям’і і па справах жыцця. Яе кампетэнцыі будуць распаўсюджвацца на пытанні, звязаныя з дзейнасцю Апостальскай Сталіцы на карысць садзейнічання жыццю і апостальства свецкіх вернікаў, душпастырства сям’і і яе місіі, абароны і падтрымкі чалавечага жыцця.

Паводле Статута, Дыкастэрыю ўзначальвае прэфект, дапамае яму сакратар, які можа быць свецкай асобай, і тры свецкія намеснікі сакратара. Супрацоўнікі, духавенства і свецкія вернікі павінны быць выбраны, наколькі гэта магчыма, з розных рэгіёнаў свету, згодна з адпаведнымі правіламі Рымскай курыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.