Прэзідэнт Францыі патэлефанаваў Пантыфіку | Друк |
Святы Айцец
27.07.2016 14:59

Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд патэлефанаваў Святому Айцу Францішку, каб перадаць смутак французскага народа ў сувязі з забойствам святара Жака Амеля, здзейсненым тэрарыстамі 26 ліпеня падчас літургіі ў касцёле Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ дыяцэзіі Руана.

Аб гэтым паведамляецца на сайце Елісейскага палаца, рэзідэнцыі лідара французскай дзяржавы.

«Калі святар падвяргаецца нападу, гэта раніць усю Францыю», — сказаў Франсуа Аланд і запэўніў Пантыфіка, што «будзе зроблена ўсё магчымае, каб абараніць касцёлы і месцы культу».

Прэзідэнт Францыі нагадаў таксама аб ролі яго краіны ў абароне хрысціян Усходу і выказаў надзею, што ў існуючых умовах, балючых і суровых, дух гармоніі пераможа нянавісць.

Забойства каталіцкага святара адбылося раніцай 26 ліпеня. Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ. У выніку жорсткага нападу мясцовы пробашч, кс. Жак Амель, загінуў, яшчэ некалькі чалавек былі сур’ёзна паранены.

Тэрарысты былі нейтралізаваны ў ходзе штурму.

Менавіта пры прэзідэнце Аландзе ў Францыі насуперак зваротам Касцёла было названа «шлюбам» сужыццё гомасексуалістаў. Паліцыя часам жорстка пераследвала людзей, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыях у абарону традыцыйнага шлюбу.

Доўгі час Франсуа Аланд дэманстратыўна хацеў прызначыць прадстаўніком Францыі ў Ватыкане адкрытага гомасексуаліста.

Цяпер прэзідэнта-сацыяліста ў Францыі шмат крытыкуюць за слабасць у змаганні з тэрорам. Верагодна, з гэтай прычыны ён вырашыў патэлефанаваць Пантыфіку, каб палепшыць свой імідж у вачах французскіх католікаў.

Аляксандр Гелагаеў паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і Сatholicherald.co.uk

 
© 2003-2024 Catholic.by