Пантыфік звярнуўся да маладых эколагаў | Друк |
Святы Айцец
26.07.2016 15:20

Быць гатовымі «адчуць прыкметы разбурэння і смерці, якія суправаджаюць шлях чалавецтва, і нагадаць установам аб тым, што эканамічная сістэма не павінна арыентавацца выключна на спажыванне прыродных і чалавечых рэсурсаў, але спрыяць поўнай рэалізацыі кожнай асобы і сапраўднаму развіццю», заклікаў Папа Францішак удзельнікаў кракаўскай экалагічнай канферэнцыі.

Форум пад назвай «Інтэгральная экалогія. Laudato Si. Моладзь — героі змен» пачаўся ў гістарычнай сталіцы Польшчы 25 ліпеня. На ім прысутнічаюць пілігрымы, якія прыбылі на Сусветныя дні моладзі, навукоўцы, духавенства і маладыя эколагі з усяго свету. Мерапрыемства з’яўляецца працягам канферэнцыі «Інтэгральнасць стварэння», якая была арганізавана ў рамках папярэдніх Сусветных дзён моладзі ў Рыа ў 2013 г.

На сустрэчы маладыя людзі прадставяць свой досвед, звязаны з пытаннямі, узнятымі Папам у энцыкліцы «Laudato Si’». Канферэнцыя мае навуковы характар, але будзе дапоўнена сведчаннямі юнакоў і дзяўчат. Падчас яе будуць разгледжаны пытанні зменаў клімату, доступу да водных рэсурсаў, выкліку біяразнастайнасці, дэградацыі якасці жыцця і няроўнасці ў глабальным маштабе.

Відэапасланне да ўдзельнікаў скіраваў прынц Манака Альберт II, які заклікаў моладзь прыняць меры па абароне клімату і ўзяць адказнасць за нашу планету.

Арганізатар канферэнцыі — Фонд Яна Паўла II для моладзі, Папская рада па справах свецкіх, Папская рада «Iustitia et Pax», Папскі ўніверсітэт Яна Паўла II.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by