Папа заклікаў да малітвы за Сусветныя дні моладзі | Друк |
Святы Айцец
24.07.2016 23:28

На парозе Сусветных дзён моладзі ў Кракаве Пантыфік заклікаў да малітвы за гэты моладзевы форум. 24 ліпеня падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» Папа нагадаў, што «ў гэтыя дні многія маладыя людзі з усяго свету рухаюцца ў напрамку Кракава».

Святы Айцец дадаў, што і сам праз некалькі дзён накіруецца туды, «каб сустрэцца з хлопцамі і дзяўчатамі і святкаваць з імі і для іх Юбілей Міласэрнасці, праз заступніцтва Яна Паўла II».

«Я прашу вас суправаджаць нас малітвай. Ужо зараз вітаю і дзякую тым, хто працуе, прымаючы маладых пілігрымаў, з многімі біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі. Асаблівае прывітанне кірую да іх шматлікіх калег, якія не змогуць прысутнічаць асабіста, а будуць сачыць за падзеямі праз сродкі масавай інфармацыі. Мы ўсе будзем адзіныя ў малітве!» — сказаў Пантыфік.

Сусветныя дні моладзі ў Кракаве распачнуцца 26 ліпеня інаўгурацыйнай святой Імшой. 27 ліпеня ў гістарычную сталіцу Польшчы прыбудзе Папа Францішак, які акрамя ўдзелу ў моладзевым форуме наведае санктуарый у Чэнстахове, мемарыял «Аўшвіц-Біркенаў», Універсітэцкую дзіцячую бальніцу і санктуарый Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках. 31 ліпеня на палях «Campus Misericordiae» пад Кракавам Пантыфік узначаліць завяршальную святую Імшу моладзевага форуму, на якой агучыць краіну-гаспадара наступных Сусветных дзён моладзі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by