Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік напісаў прадмову да зборніка, прысвечанага Маці Тэрэзе
Святы Айцец
23.07.2016 15:43

Папа Францішак напісаў прадмову да зборніка «Давайце любіць тых, каго не любяць» (Amiamo chi non è amato), прысвечанага благаслаўлёнай Маці Тэрэзе з Калькуты.

Кніга ўтрымлівае дзве прамовы вядомай ва ўсім свеце манахіні, з якімі яна звярнулася да моладзі і кансэкраваных асобаў падчас сустрэчы з імі 18-19 кастрычніка 1973 г. у Мілане (Італія), і адказы на шматлікія пытанні, якія прагучалі пасля іх.

«Перачытваючы гэтыя старонкі, я падумаў аб’яднаць свае разважанні вакол пяці слоў», — напісаў Пантыфік. Імі сталі малітва, дабрачыннасць, міласэрнасць, сям’я і моладзь.

Маці Тэрэза пачынала дзень з удзелу ў святой Імшы і завяршала яго адарацыяй Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Так можна ператварыць працу, якую выконваем на працягу дня, у малітву, лічыць Папа Францішак. Маці Тэрэза, дадаў Пантыфік, нястомна запрашае чэрпаць з крыніцы Любові — Езуса, які быў укрыжаваны і ўваскрос, застаўся прысутны ў Эўхарыстыі, каб мець моц дапамагаць самым бедным, з сэрцам, поўным радасці.

Дабрачыннасць, падкрэсліў Святы Айцец, азначае набліжэнне да «перыферыі» людзей, якіх сустракаем штодня, праяўленне спагады ў адносінах да іх, а гэта магчыма толькі тады, калі боль і патрэбы іншых мы прымаем у свае сэрцы. Дабрачыннасць — гэта сведчанне дабрыні Бога да кожнай раны чалавецтва, дадаў Папа.

Пантыфік заклікаў праяўляць міласэрнасць у канкрэтных учынках для душы і цела бліжняга. Менавіта яны былі для Маці Тэрэзы правадніком па жыцці, дарогай да святасці, падкрэсліў Папа, і павінны стаць такімі для нас.

Святы Айцец дадаў, што сям’я асаблівым чынам вылучае асобу маці. Яна з’яўляецца «сэрцам дома, той, якая фарміруе сям’ю, прымаючы, любячы, праяўляючы клопат аб сваіх дзецях», казала благаслаўлёная. Яна заклікала быць радасцю і Божым суцяшэннем для сям’і, несці ў яе малітву, нагадаў Папа.

Пантыфік узгадаў таксама пра асаблівую спагаду, якую мела Маці Тэрэза да маладых людзей, і ў прадмове да кнігі заклікаў іх «не губляць надзеі, не дазволіць скрасці ў сябе будучыню, якая ім належыць». «Заставайцеся ў Пану і любіце, як любіць вас Бог, будзьце будаўнікамі мастоў, каб разбурыць логіку падзелаў, адчужэння, боязі адзін аднаго, служыце бедным, з адвагай выходзьце насустрач жыццю, якое з’яўляецца Божым дарам», — напісаў Папа Францішак.

Зборнік «Давайце любіць тых, каго не любяць» падрыхтавала выдавецтва «Editrice Missionaria Italiana». Кніга выйшла 23 ліпеня і з’явіцца на паліцах кніжных магазінаў 29 ліпеня. Тэксты выступленняў благаслаўлёнай, змешчаныя ў зборніку, прысвечаны тэме «Бедныя з’яўляюцца надзеяй».

Кананізацыя Маці Тэрэзы з Калькуты, заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові, адбудзецца ў Ватыкане 4 верасня. Урачыстасці з гэтай нагоды будуць працягвацца ў Рыме восем дзён.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.