Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Візіт Папы ў «Аўшвіц-Біркенаў» пройдзе ў форме ціхай малітвы
Святы Айцец
30.06.2016 12:19

У адпаведнасці з пажаданнем Святога Айца, яго візіт у былы канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц-Біркенаў» будзе насіць характар «малітвы ў цішыні». Там не будзе прамоў, адбудзецца толькі дэкламацыя Псальма 130, паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Варшаве.

Самалёт з Папам Францішкам на борце 29 ліпеня каля 9.20 прызямліцца на ўзлётна-пасадачнай паласе, размешчанай недалёка ад былога канцлагера. Адтуль у закрытым аўтамабілі Святы Айцец праедзе да галоўнай брамы мемарыялу, а потым у электрамабілі — да Блоку 11, дзе яго будзе вітаць прэм’ер-міністр Польшчы. Там Пантыфік сустрэнецца з групай 15 ахвяр Халакосту, памоліцца ля Сцяны Смерці, да якой паставіць запалены зніч.

Потым Папа зойдзе на кароткую асабістую малітву ў камеру смяротнікаў, дзе ўтрымліваўся св. Максіміліян Марыя Кольбэ. Візіт Пантыфіка ў гэтае месца супадзе з 75-годдзем з дня смерці мучаніка. Пасля Святы Айцец зробіць запіс у кнізе наведвальнікаў.

Затым Папа скіруецца да помніка ахвярам у Біркенаў, дзе спачатку памоліцца ў цішыні перад табліцамі, прысвечанымі памяці ахвяр розных народаў, а затым запаліць зніч. Рабін прачытае Псальм 130 на іўрыце. Малітву працягне адзін з Праведнікаў сярод народаў свету. У непасрэднай блізкасці да помніка размесціцца 25-асабовая група Праведнікаў, якіх прывітае Святы Айцец.

Змена праграмы ў былым канцлагеры «Аўшвіц-Біркенаў» адбылася па асабістым жаданні Папы, які сказаў аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі 26 чэрвеня на борце самалёта, вяртаючыся з Арменіі.

Папскі візіт у Польшчу адбудзецца ў сувязі з правядзеннем Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.