Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа правёў прэс-канферэнцыю ў самалёце на шляху з Арменіі ў Рым
Святы Айцец
27.06.2016 16:31

26 чэрвеня ў самалёце па дарозе з Ерэвана ў Рым Папа Францішак пагутарыў з журналістамі.

Першае пытанне датычыла «Brexit» і магчымасці распаду ЕС ці нават вайны. «У Еўропе мы ўжо маем справу з вайной. Акрамя таго, існуе атмасфера падзелу, і не толькі ў Еўропе», — сказаў Пантыфік. На думку Папы, аб’яднанай Еўропе патрэбна крэатыўнасць, здаровая індывідуальнасць, большая незалежнасць і свабода краін-членаў, і ЕС варта падумаць над іншай формай саюза. «Для мяне адзінства заўсёды дамінуе над канфліктам, але ёсць розныя спосабы быць разам. У ЕС нешта не працуе, патрэбна крэатыўнасць. Патрэбны новы Еўрапейскі саюз», — адзначыў Папа.

Іншае пытанне журналістаў тычылася рашэння аб выкарыстанні Святым Айцом слова «генацыд» у прамове ў Прэзідэнцкім палацы ў межах візіту ў Арменію. Папа прызнаўся, што ў Аргенціне, калі гаворка ішла пра вынішчэнне армян, заўсёды выкарыстоўвалі менавіта гэтае слова. «Я заўсёды казаў пра тры генацыды мінулага стагоддзя: на армянах, нацысцкім і сталінскім, — удакладніў Пантыфік. — Але ў мінулую пятніцу я хацеў адзначыць яшчэ адну рэч: у гэтым генацыдзе, як і ў выпадку двух іншых, вялікія сусветныя дзяржавы глядзелі у іншы бок». Папа прапанаваў у гэтым кантэксце паставіць гістарычнае пытанне: чаму нічога не было зроблена? «Слова “генацыд” я ніколі не казаў, каб некага пакрыўдзіць, але для аб’ектыўнасці», — сказаў Папа Францішак.

Журналісты задалі пытанне таксама адносна «маўклівай прысутнасці» Пантыфіка ў манументальным комплексе «Цыцэрнакаберд», прысвечаным памяці ахвяр генацыду армян 1915 г. «Два гады таму я зрабіў тое ж у Рэдзіпулія, каб адзначыць сотую гадавіну вайны. У маўчанні. Я хацеў бы таксама паехаць у Аўшвіц, у месца жаху, не кажучы ні слова, без вялікай колькасці людзей, толькі з некаторымі (...). Без прывітання таго ці іншага. Аднаму, прыйсці і памаліцца, каб Пан даў мне ласку плачу», — прызнаўся Папа.

Адно з пытанняў было зададзена ў сувязі з апошнімі выказваннямі кардынала Рэйнхарда Маркса, які ў Дубліне сказаў, што Касцёл павінен папрасіць прабачэння ў гомасексуальных асобаў за тое, што маргіналізаваў іх. Святы Айцец нагадаў вучэнне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, дзе гаворыцца, што людзі не павінны падвяргацца дыскрымінацыі па любой прыкмеце. Папа адзначыў, што гаворка ідзе не пра палітычныя або ідэалагічныя справы, але пра людзей добрай волі з такой арыентацыяй, якія шукаюць жывой сувязі з Богам.

Журналісты спыталіся і пра стварэнне камісіі для вывучэння магчымасці ўстанаўлення так званых дыяканэс. Папа нагадаў, што не да канца вядома, якую функцыю ў старажытныя часы выконвалі дыяканэсы. Пантыфік сказаў, што зараз разглядае кандыдатуры ў названую камісію. «Для мяне функцыя жанчын не настолькі важная, наколькі думка жанчын, (...) нельга прыняць правільнае рашэнне, не параіўшыся з жанчынамі, як я гэта рабіў у Буэнас-Айрэсе. Жанчыны бачаць рэчы ў іншым святле, а рашэнне ў рэшце рэшт заўсёды было вельмі плённым і прыгожым. Я хацеў бы падкрэсліць: больш важным з’яўляецца спосаб разумення, мыслення, погляду жанчын, чым іх функцыі», — звярнуў увагу Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.