Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа і Каталікос усіх армян падпісалі дэкларацыю: Пачуць просьбы мільёнаў людзей, якія жадаюць міру і справядлівасці
Святы Айцец
26.06.2016 23:59

26 чэрвеня ў Апостальскім палацы Армянскай Апостальскай Царквы ў Эчміядзіне Папа Францішак і Каталікос усіх армян Гарэгін ІІ падпісалі супольную дэкларацыю. У дакуменце між іншым яны выказалі надзею на мірнае вырашэнне канфлікту ў Нагорным Карабаху.

«Мы звяртаемся да лідараў краін свету, каб пачулі просьбы мільёнаў людзей, якія жадаюць міру і справядлівасці ў свеце, якія патрабуюць захавання правоў, дадзеных ім Богам, якія патрабуюць хлеба, а не зброі», — сказана ў дэкларацыі.

На пачатку дакумента выказваецца радасць, што сёння ў Арменіі хрысціянская вера вельмі жывая і Армянская Царква праводзіць сваю місію ў духу братэрскага супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, падтрымліваючы вернікаў у будаванні света салідарнасці, справядлівасці і міру.

«На жаль, мы з’яўляемся сведкамі вялікай трагедыі, якая адбываецца на нашых вачах, бачым незлічоную колькасць нявінных людзей, якіх забіваюць, перамяшчаюць або прымушаюць да балючай і няўпэўненай эміграцыі з-за канфліктаў на эканамічным, палітычным і рэлігійным фоне на Блізкім Усходзе і ў іншых частках свету», — адзначаецца ў дэкларацыі. Папа Францішак і Гарэгін ІІ падкрэсліваюць, што ў выніку гэтага рэлігійныя і этнічныя меншасці сталі аб'ектам пераследаў і жорсткага абыходжання, у такой ступені, што пакуты з-за веры сталі звычайнай з'явай. «Пакутнікі належаць да ўсіх Цэркваў, і іх мукі з'яўляюцца “экуменізмам крыві”, які перавышае гістарычныя падзелы сярод хрысціян», — падкрэслілі Пантыфік і Каталікос.

«Мы з'яўляемся сведкамі выяўлення рэлігій і рэлігійных каштоўнасцяў радыкальным спосабам, які выкарыстоўваецца для таго, каб апраўдваць распаўсюджванне нянавісці, дыскрымінацыі і гвалту. Апраўдванне такіх злачынстваў на аснове рэлігійных ідэй не з'яўляецца прымальным», — адзначылі Папа Францішак і Гарэгін ІІ. Па іх словах, павага да рэлігійнай адметнасці — неабходная ўмова для мірнага суіснавання розных этнічных і рэлігійных груп, а хрысціяне пакліканы шукаць дарогі, якія вядуць да прымірэння і міру. «Таму мы выказваем надзею на мірнае вырашэнне пытанняў, якія тычацца Нагорнага Карабаха», — напісалі яны.

Папа і Каталікос заклікаюць вернікаў сваіх Цэркваў адкрыць сэрцы і рукі для ахвяр вайны і тэрарызму, бежанцаў і членаў іх сем'яў. Тут ідзе гаворка пра сэнс свайго чалавецтва, салідарнасці, спагады і шчодрасці, якія могуць быць адэкватна выказаны толькі ў справядлівым выкарыстанні рэсурсаў. «Мы выказваем нашу ўдзячнасць за ўсё, што ўжо зроблена, але падкрэсліваем, што значна больш трэба зрабіць з боку палітычных лідараў і міжнароднай супольнасці, каб гарантаваць усім права да жыцця ў супакоі і бяспецы, для захоўвання вяршэнства закона, абароны рэлігійных і этнічных меншасцяў, барацьбы з гандлем людзьмі і кантрабандай», — адзначылі Святы Айцец і Каталікос усіх армян.

Яны выказалі трывогу з-за таго, што секулярызацыя грамадства непазбежна вядзе да свецкага і матэрыялістычнага бачання чалавека і чалавечай сям'і. «У сувязі з гэтым мы занепакоены крызісам сям'і ў многіх краінах. Армянская Апостальская Царква і Каталіцкі Касцёл падзяляюць гэтае бачанне сям'і, заснаванай на шлюбным саюзе, акце бескарыслівай і вернай любові паміж мужчынам і жанчынай», — напісалі Папа і Гарэгін ІІ.

Аўтары дакумента выказалі радасць, што, нягледзячы на падзелы паміж хрысціянамі, яны больш выразна ўсведамляюць, што тое, што аб'ядноўвае, значна большае, чым тое, што падзяляе. «За апошнія дзесяцігоддзі адносіны паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам паспяхова ўступілі ў новы этап... Мы заклікаем нашых вернікаў да паслядоўнага супрацоўніцтва на карысць спрыяння ў грамадскасці хрысціянскім каштоўнасцям, якія паспяхова дапамагаюць будаванню цывілізацыі справядлівасці, міру і чалавечай салідарнасці. Няхай Святы Дух навучыць нас усёй праўдзе, падтрымлівае кожнае сапраўднае намаганне, каб будаваць паміж намі масты любові і еднасці», — напісалі на заканчэнне Святы Айцец і Гарэгін ІІ.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.