Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на Імшы ў Гюмры: будаваць жыццё на памяці, веры і міласэрнай любові
Святы Айцец
25.06.2016 22:56

25 чэрвеня ў межах візіту ў Арменію Папа Францішак цэлебраваў святую Імшу ў другім па велічыні горадзе краіны — Гюмры, моцна пацярпелым ад землятрусу 1988 г. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі каля 50 тыс. чалавек.

Папа заклікаў прысутных будаваць сваё жыццё на памяці, веры і міласэрнай любові. Кажучы пра першае, Пантыфік адзначыў, што гаворка ідзе як пра асабістую памяць, так і пра памяць народа. «Хрысціянская вера, якая стала дыханнем вашага народа, — гэта памяць сэрца», — сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў армян-католікаў не спыняцца ў адкрыцці прыгажосці веры, не абмяжоўваць яе да нечага з мінулага, не хаваць у архіве. Пантыфік запрасіў маладых людзей не баяцца адказваць на голас Бога, які кліча да святарскага або манаскага служэння, і нагадаў, што асновай жыцця вучня Езуса павінна быць міласэрная любоў.

Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць канкрэтнага сведчання хрысціянскай любові і міласэрнасці, клопату пра слабых і бедных. «Патрэбны хрысціяне, якія не дадуць перамагчы сябе нягодам, не страцяць ахвоту з-за цяжкасцяў, даступныя і адкрытыя, гатовыя служыць. (...) Патрэбна грамадства больш справядлівае, у якім кожны будзе мець годнае жыццё і, перш за ўсё, справядліва аплачаную працу», — сказаў Пантыфік.

Папа спаслаўся на вучэнне св. Грыгорыя з Нарэка, які казаў, што трэба ў першую чаргу лічыць сябе людзьмі, якія патрабуюць міласэрнасці, а затым, перад абліччам пакут і ран, якія бачым, не замыкацца ў сабе, але шчыра і ўпэўнена адкрывацца на Бога.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.