Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак нагадаў пра бедных у відэазвароце да католікаў Германіі
Святы Айцец
27.05.2016 11:08

Прысвячаць у сваім жыцці ўсё больш часу бедным і прыгнечаным заклікаў Пантыфік удзельнікаў 100-й сустрэчы нямецкіх католікаў, да якіх скіраваў адмысловае відэапасланне.

Сёлетні «Katholikentag» праходзіць 25-29 мая ў Лейпцыгу на тэму «Вось чалавек» (Ян 19, 5).

«Гэта тэма цудоўна адлюстроўвае тое, што на самой справе важнае. Важным з’яўляецца не імкненне да знешняга поспеху, але здольнасць спыняцца, скіроўваць позірк, быць уважлівымі да іншых і даваць ім тое, чаго ім не хапае на самой справе», — сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што кожны чалавек мае глыбокае прагненне адзінства і мірнага жыцця, але яно можа развівацца толькі калі будуем унутраны мір ва ўласным сэрцы.

«Многія людзі жывуць у пастаяннай спешцы. Так яны рызыкуюць "перакуліць" усё, што іх акружае. Гэта адлюстроўваецца і ў адносінах да навакольнага асяроддзя. Неабходна прысвячаць больш часу аднаўленню спакойнай гармоніі са светам, стварэннем, а таксама Стварыцелем. Давайце, праз сузіранне і малітву, будзем імкнуцца дасягнуць большай блізкасці з Богам. Паступова мы адкрыем, што Нябесны Айцец жадае нашага дабра, Ён хоча нас бачыць шчаслівымі, поўнымі радасці і спакою», — сказаў Папа Францішак.

Паводле слоў Пантыфіка, блізкасць з Богам натхняе быць міласэрнымі.

«Як любіць Айцец, так любяць і дзеці. Наколькі міласэрны Ён, настолькі і мы пакліканы быць міласэрнымі, адзін да аднаго. Дазволім Божай міласэрнасці дакрануцца да нас таксама праз добрую споведзь, каб станавіцца ўсё больш міласэрнымі, як Айцец», — заклікаў Папа.

Папа Францішак падкрэсліў, што ў сучасных грамадствах часта можна сустрэць людзей, якімі пагарджаюць, значэнне жыцця якіх прыніжаецца і якія, у старасці або хваробе, змушаюцца да хутчэйшай смерці.

«Мы бачым, як людзі падвяргаюцца прыніжэнням, збіваюцца тут і там і пазбаўляюцца годнасці, таму што не маюць працы або з’яўляюцца бежанцамі», — сказаў Пантыфік.

Напрыканцы свайго звароту Святы Айцец высока ацаніў хрысціянскае сведчанне, якое нямецкія католікі даюць праз клопат аб самых слабых і патрабуючых, і ўдзяліў ім сваё благаслаўленне.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.