Папа Францішак: «Малітва — не чарадзейная палачка» | Друк |
Святы Айцец
26.05.2016 10:55

Пра значэнне трывалай малітвы, якая дазваляе спазнаць Божую спагаду і міласэрнасць, казаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 25 мая на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

У сваёй катэхезе Пантыфік спаслаўся на прыпавесць пра несумленнага суддзю і ўдаву, якая дамагалася справядлівасці (Лк 18, 1-8). Паводле слоў Папы, гэтае евангельскае апавяданне ўтрымлівае важнае павучэнне: «трэба заўсёды маліцца і не падаць духам».

«Перад абыякавасцю суддзі ўдава звяртаецца да сваёй адзінай зброі: настойліва працягвае дакучаць яму, прадстаўляючы сваю просьбу аб справядлівасці. І менавіта дзякуючы гэтай настойлівасці дасягнула сваёй мэты. У пэўны момант суддзя выслухаў яе, але не таму, што кіраваўся міласэрнасцю, і не таму, што яму гэта падказала сумленне. Ён сам прызнаўся: "паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне"», — нагадаў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што з гэтай прыпавесці Езус робіць выснову: калі ўдава здолела схіліць несправядлівага суддзю сваімі настойлівымі просьбамі, наколькі ж больш Бог, які з’яўляецца добрым і справядлівым Айцом, «абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч», і нават «не будзе марудзіць у іх справе», але ўмяшаецца «неўзабаве».

«Па гэтай прычыне Езус нас заклікае да "нястомнай" малітвы. Мы ўсе перажываем моманты стомленасці і прыгнечанасці, асабліва калі нашы малітвы здаюцца бясплённымі. Але Езус нас запэўнівае: у адрозненні ад несумленнага суддзі, Бог неадкладна выслухае сваіх дзяцей, хоць гэта не азначае, што Ён ўчыніць усё так, як мы гэтага пажадаем, і тады, калі гэтага пажадаем. Малітва — гэта не чарадзейная палачка! Яна дапамагае захоўваць веру ў Бога і давяраць Яму, нават калі не разумеем Яго волі», — сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што прыклад такой трывалай малітвы і даверу да Бога дае сам Езус сваёй паставай у Аліўным садзе.

«Ахоплены надыходзячым неспакоем, Езус маліўся Айцу, каб адхіліў ад Яго горкі келіх мукі, але Ягоная малітва была прасякнута даверам да Айца, і Ён да канца аддаўся Яго волі: "але не чаго Я хачу, а чаго Ты", кажа Езус. Аб’ект малітвы адыходзіць на другі план; тое, што было для Яго важней за ўсё – гэта адносіны з Айцом. Вось што робіць малітва: перамяняе жаданне і фарміруе яго паводле волі Бога, якой бы яна не была, бо хто моліцца, імкнецца перш за ўсё да з’яднання з Ім, міласэрнай Любоўю», — сказаў Пантыфік.  

Напрыканцы катэхезы Папа Францішак заклікаў вучыцца нястомнай малітве, каб спазнаць спагаду Бога, які, як Айцец, выходзіць насустрач сваім дзецям, поўны міласэрнай любові.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 
© 2003-2024 Catholic.by