Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: святасць — гэта штодзённы шлях
Святы Айцец
25.05.2016 10:30

Бездакорна крочыць у прысутнасці Бога — значыць ісці ў напрамку святасці; для гэтага патрэбна сэрца, здольнае спадзявацца з адвагай і з прастатой адкрывацца на Божую ласку, падкрэсліў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 24 мая.

Па словах Пантыфіка, святасць з’яўляецца шляхам, які патрабуе чатырох неад’емных элементаў: адвагі, надзеі, ласкі і навяртання.

У гаміліі Папа засяродзіў увагу на літургічным чытанні з Першага паслання св. Пятра (1П 1, 10-16), якое назваў «маленькім трактатам аб святасці».

«Святасць — гэта шлях. Яна не купляецца і не прадаецца, і нават не дорыцца. Святасць — гэта шлях у прысутнасці Бога, якім павінен прайсці я: яго не можа прайсці іншы ад майго імя. Я магу маліцца аб святасці іншага чалавека, але шлях павінен прайсці ён, а не я. Бездакорна крочыць у прысутнасці Бога», — патлумачыў Пантыфік.

Папа Францішак адзначыў, што шлях да святасці патрабуе адвагі, умацаванай надзеяй на сустрэчу з Езусам, а таксама ласкай.

«Святасці мы не можам дасягнуць самі. Не! Гэта ласка. Быць добрым, святым, кожны дзень рабіць крок наперад у хрысціянскім жыцці — гэта ласка, аб якой мы павінны прасіць», — дадаў Папа.

Яшчэ адным важным элементам для дасягнення святасці Пантыфік назваў штодзённае навяртанне.

«Навяртанне, кожны дзень. "Але, ойча, каб навярнуцца, я павінен каяцца, лінчаваць самога сябе", — скажа хтосьці. Не! Гаворка ідзе пра маленькія навяртанні. Калі здолееш не абгаварыць іншага — знаходзішся на добрым шляху, каб стаць святым. Гэта так проста!» — сказаў Пантыфік і заклікаў вернікаў не сыходзіць з гэтага шляху, заўсёды робячы маленькія крокі наперад.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.