Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да ўдзельнікаў гуманітарнага саміту: пачуем пакутуючых
Святы Айцец
24.05.2016 10:37

Пачуем крык пакутуючых, дазволім ім даць нам урок чалавечнасці, зменім лад нашага жыцця, палітыкі, эканамічных рашэнняў і пазіцыю культурнай перавагі, падкрэсліў Папа Францішак у пасланні да Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна з нагоды адкрыцця першага Сусветнага саміта па гуманітарных пытаннях.

Форум праходзіць 23-24 мая ў Стамбуле.

Пантыфік перакананы, што саміт павінен стаць «паваротным момантам у жыцці мільёнаў людзей, якія патрабуюць абароны, апекі і дапамогі, а таксама прагнуць годнай будучыні».

Папа выказаў надзею, што плёнам форума стане «шчырая салідарнасць, а таксама сапраўдная і глыбокая павага да правоў і годнасці пакутуючых па прычыне канфліктаў, насілля, пераследу і прыродных катаклізмаў», самых слабых людзей, якія жывуць у беднасці і падвяргаюцца эксплуатацыі.

Пантыфік заўважыў, што ў пошуку выйсця з канфліктаў перашкаджаюць «многія інтарэсы» і што «вайсковыя, эканамічныя і геапалітычныя стратэгіі» вядуць да «перасялення людзей і народаў, а таксама да навязвання ідала грошай, бажка сілы», а гуманітарныя намаганні часта абумоўлены «гандлёвымі і ідэалагічнымі абмежаваннямі».

Па гэтай прычыне сёння «неабходна бараніць кожную асобу ў яе штодзённым жыцці, бараніць яе годнасць і чалавечыя правы,  бяспеку і рознабаковыя патрэбы». Адначасова трэба «захоўваць свабоду, а таксама грамадскую і культурную тоеснасць народаў».

Не павінна быць ніводнай сям’і без дому, бежанца, які не спазнаў гасціннасці, асобы без годнасці, параненага без клопату, дзіця без дзяцінства, юнака без будучыні, пажылога чалавека без годнай старасці, падкрэсліў Папа.

Святы Айцец падзякаваў тым, хто служыць бліжнім і намагаецца прынесці палёгку ў цярпеннях ахвярам войнаў і няшчасцяў. Пантыфік падкрэсліў, што, вучачыся ад пакутуючых, можна пабудаваць больш чалавечы свет, і запэўніў ўдзельнікаў стамбульскага саміта ў сваёй малітве і благаслаўленні.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.