Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: хрысціянская радасць грунтуецца на надзеі, прынесенай Хрыстом
Святы Айцец
23.05.2016 14:07

Хрысціянін жыве ў радасці і захапленні дзякуючы ўваскрасенню Езуса Хрыста, падкрэсліў Папа Францішак у гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 23 мая.

Паводле слоў Святога Айца, хрысціянская радасць грунтуецца на надзеі, прынесенай Хрыстом, а не на прывязанасці да зямных дабротаў.

«Ідэнтыфікацыйная картка хрысціяніна – гэта радасць, евангельская радасць, радасць быцця выбранымі Езусам, збаўленымі Езусам, адроджанымі Езусам; радасць у надзеі на тое, што Езус нас чакае, радасць, якая нават у крыжах і пакутах гэтага жыцця выражаецца іншым чынам – у спакойнай ўпэўненасці, што Езус нас суправаджае, што Ён з намі», — сказаў Пантыфік.

Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу Хрыста з багатым юнаком (Мк 10, 17-27). Пантыфік заўважыў, што словы Езуса: «прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе», засмуцілі гэтага чалавека і ён «адышоў маркотны». Святы Айцец дадаў, што прывязанасць да зямных дабротаў сее смутак у сэрцы, «багацці не кепскія самі па сабе, але служэнне ім – гэта загана».

«Калі ў нашых парафіях, нашых супольнасцях, нашых структурах мы бачым людзей, якія называюць сябе хрысціянамі і хочуць быць імі, але сумныя, – штосьці нядобрае там адбываецца. Мы павінны дапамагчы ім знайсці Езуса, пазбавіць гэтай маркотнасці, каб яны маглі радавацца Евангеллю, маглі мець евангельскую радасць!» — сказаў Папа.

Святы Айцец параіў не шукаць шчасця ў рэчах, якія прыносяць смутак, але захоўваць у сабе радаснае захапленне тым фактам, што мы былі збаўлены ад жыцця ў прывязанасці да дабротаў і марнасці, што адлучаюць ад Езуса.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў прасіць у Бога, каб захаваў ад пошуку шчасця ў рэчах, якія вядуць да смутку: абяцаюць шмат, але не даюць нічога.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.