Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: эксплуататары людзей — гэта крывапіўцы
Святы Айцец
19.05.2016 14:45

Эксплуатацыя людзей дзеля абагачэння — гэта крывапіўства і смяротны грэх, сказаў Святы Айцец Францішак 19 мая падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Паслання св. Якуба (5, 1-6), у якім апостал папярэджвае багацеяў перад эгаістычным выкарыстаннем дабротаў, Пантыфік заўважыў, што «багацці самі па сабе з’яўляюцца каштоўнасцю», але адноснай — «гэта не нешта абсалютнае».

Папа Францішак лічыць памылковай так званую «тэалогію дабрабыту», паводле якой «Бог дэманструе тваю правільнасць, калі адорвае вялікімі багаццямі». Праблема, па словах Пантыфіка, заключаецца ў тым, каб не дапусціць прывязанасці сэрца да багаццяў, бо яны могуць стаць кайданамі, якія пазбаўляюць свабоды ў наследванні Езуса. Папа нагадаў, што святы Якуб кажа: «Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі палеткі вашыя, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў» (Як 5, 4).

Па словах Святога Айца, ва ўсім свеце існуе здабыццё багаццяў праз эксплуатацыю і змушэнне людзей да нявольніцтва. Пантыфік крытычна выказаўся пра кароткатэрміновыя працоўныя кантракты, якія не прадугледжваюць магчымасці атрымання пенсіі або медыцынскай страхоўкі і заключаюцца, каб пазбегнуць абавязку прыняцця чалавека на пастаянную працу. «Хто так робіць, з’яўляецца сапраўдным крывапіўцам і жыве крыважэрнасцю адносна людзей, якіх робіць нявольнікамі працы», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік таксама раскрытыкаваў паводзіны багацеяў, якія бяруць людзей на цяжкую працу за малыя грошы, карыстаючыся іх безвыходнай сітуацыяй. Гэта з’яўляецца сапраўдным рабствам і смяротным грахом, заявіў Святы Айцец і заклікаў да вызвалення ад такога падыходу да людзей.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.