Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак памоліцца за пакутуючых
Святы Айцец
05.05.2016 16:04

Папа Францішак узначаліць малітоўнае чуванне ў інтэнцыі людзей, якія перажываюць трагічныя сітуацыі і патрабуюць суцяшэння. Набажэнства пад назвай «Выцерці слёзы» пройдзе вечарам 5 мая ў базыліцы св. Пятра.

Падчас чування прагучаць сведчанні асобаў, якія перажылі моцныя духоўныя і цялесныя выпрабаванні. Сярод іх італьянская сям’я, у якой дзіця скончыла жыццё самагубствам; пакістанскі журналіст, які на радзіме падвяргаўся пераследу за сваю каталіцкую веру і быў вымушаны эміграваць у Італію; мужчына, які адшукаў сэнс жыцця дзякуючы прыкладу веры свайго брата і малітве маці.

У рамках малітоўнага чування ў ватыканскай базыліцы будзе выстаўлены рэліквіярый са слязьмі Маці Божай. Яны былі сабраны падчас цуду, які паўтараўся на працягу некалькіх дзён, з 29 жніўня па 1 верасня 1953 г., у прыватным доме ў Сіракузах на Сіцыліі ў прысутнасці мноства людзей. Слёзы ліліся з вачэй маленькай фігуркі Панны Марыі. Рэліквіярый захоўваецца ў санктуарыі Маці Божай Слёз у Сіракузах.

Прысутным на малітоўным чуванні вернікам, у якасці сімвалу суцяшэння і надзеі, будуць раздадзены медальёны «Божае Ягня», благаслаўлёныя Папам Францішкам. Яны зроблены з белага воску ў авальнай форме, на адным баку ў іх выява Пасхальнага Ягняці, а на іншым – лагатып Года Міласэрнасці.

Выкарыстанне гэтага сімвалу ўзыходзіць да IV ст. але было задакументавана ў ІХ ст., калі архідыякан аднаго з рымскіх касцёлаў у Вялікую суботу плавіў воск, ужо выкарыстаны раней, і, благаслаўляючы, перамешваў яго з алеем. Затым з яго выліваліся выявы «Ягняці Божага» і ў актаву Пасхі раздаваліся вернікам. Пачынаючы з 1470 г., такія выявы выкарыстоўваліся падчас Юбілеяў. З рук Папы Францішка гэты сімвал атрымаюць дзесяць чалавек.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.