Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Рымскі прыме Ангелу Меркель на прыватнай аўдыенцыі
Святы Айцец
05.05.2016 10:00

Бундэсканцлер Ангела Меркель 6 мая сустрэнецца з Папам Францішкам на прыватнай аўдыенцыі. Гэта пацвердзіў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Федэрыко Ламбардзі.

Ангела Меркель прыедзе на ўручэнне Пантыфіку ў Рыме ганаровага прыза Карла Вялікага. Цырымонія адбудзецца ў пятніцу ў папскім палацы. Да гэтага бундэсканцлер сустрэнецца ў Рыме 5 мая з італьянскім прэм’ер-міністрам Матэа Рэнцы.

Апошняя сустрэча Папы з Ангелай Меркель, якая вызнае пратэстантызм, адбылася ў лютым 2015 г. Гэта была 40-хвілінная размова.

Сёлетняя сустрэча бундэсканцлера з Пантыфікам стане чацвёртай па ліку і трэцяй, калі Папа Францішак удзеліць Ангеле Меркель прыватную аўдыенцыю.


Першая сустрэча праходзіла ў маі 2013 года. У сакавіку 2013 г. Меркель прымала ўдзел у святой Імшы распачацця Пантыфікату Святога Айца на плошчы святога Пятра.

Апошнім часам Папа Францішак выказваў Ангеле Меркель сваю сімпатыю. «Мне яна падабаецца, і я яе вельмі цаню», — сказаў Пантыфік падчас пералёту ў Рым з Гаваны журналістам на борце самалёта. Паводле слоў Папы, Ангела Меркель — гэта «чалавек добрай волі», за якую ён моліцца.

На ўручэнне прэміі Карла Вялікага, якая прысуджаецца за ўклад у еўрапейскае адзінства, у Ватыкане чакаюць прэзідэнта парламенту ЕС Марціна Шульца, прэзідэнта Еўракамісіі Жана-Клода Джанклера і старшыню Еўрапейскага савета Дональда Туска.

Паводле katholisch.de, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.