Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папскі ўніверсітэт навукова зоймецца абаронай непаўналетніх
Святы Айцец
10.02.2016 12:00

Праз тыдзень у Папскім Грыгарыянскім універсітэце пачне дзейнічаць новы накірунак па абароне непаўналетніх. Прайсці навучанне выказалі жаданне 19 студэнтаў з чатырох частак свету: Афрыкі, Еўропы, Амерыкі і Азіі.

Папская камісія па абароне непаўналетніх, якая на мінулым тыдні правяла пасяджэнне ў Ватыкане, паведаміла, што ў верасні пройдзе сімпозіум з удзелам экспертаў з краін Лацінскай Амерыкі, Англіі і Уэльса, мэтай якога будзе распрацоўка стратэгіі абароны дзяцей у каталіцкіх школах. Былі падкрэслены словы Папы Францішка, які нагадаў усім касцёльным уладам пра важнасць спагадлівага падыходу да ахвяр сексуальных злоўжыванняў і пра неабходнасць адмысловага дня малітвы і пакаяння.

За мінулы год члены камісіі сустрэліся з біскупамі і касцёльнымі супрацоўнікамі, якія ўдзельнічаюць у абароне непаўналетніх, на Філіпінах і астравах Ціхага акіяна, у Аўстрыі, Новай Зеландыі, Шатландыі, Польшчы, Цэнтральнай Амерыцы і Злучаных Штатах. Вынікам гэтых сустрэч стала стварэнне спецыяльнага офіса для абароны непаўналетніх для Філіпін. Плануюцца наступныя сустрэчы, у прыватнасці, у Танзаніі і Гане, а таксама новыя семінары па пытаннях, звязаных з абаронай дзяцей, у тым ліку з удзелам знешніх экспертаў, у мэтах стварэння большай празрыстасці ў кананічных працэсах адносна такога роду спраў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.