Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да моладзі Уганды: ператварайце нянавісць у любоў
Святы Айцец
29.11.2015 02:11

«Ніколі не пераставайце маліцца. Малітва – самая моцная зброя, якую мае малады чалавек», – з такім заклікам звярнуўся Папа Францішак да моладзі Уганды 28 лістапада падчас сустрэчы ў сталіцы краіны Кампале.

Каб прывітаць Святога Айца, памаліцца разам з ім, паслухаць яго і падзяліцца сваім няпростым жыццёвым вопытам, на тэрыторыі былога сталічнага аэрапорта сабралося больш за 150 тысяч чалавек. Папа выслухаў кранальныя гісторыі маладой жанчыны, ад нараджэння хворай на СНІД, і семінарыста, які перажыў палон у адной з паўстанцкіх груповак і бачыў катаванні і смерць сваіх сяброў.

Пантыфік прызнаўся, што гэтыя трагічныя сведчанні прымусілі яго задумацца: ці можа негатыўны вопыт стаць станоўчым у жыцці? І адказ на гэтае пытанне: «Так!» «Жыццё – гэта вялікі цуд», – сказаў Папа і запэўніў, што моцаю Хрыста заўсёды можна адкрыць новыя гарызонты. Негатыўны вопыт кожнага чалавека Бог ператварае ў надзею, пацвярджэннем чаму з’яўляюцца жыцці людзей, сведчанні, якіх былі выслуханы на пачатку сустрэчы, дадаў Пантыфік.

«У жыцці закладзена зерне: каб жыць, неабходна памерці, часамі памерці фізічна», - сказаў Папа. Святы Айцец нагадаў пра прыклад угандскіх мучанікаў, у смерці якіх прысутнічае сапраўднае жыццё, «жыццё для ўсіх». «Калі я ператвараю негатыўнае ў пазітыўнае, з’яўляюся пераможцам. Гэта, аднак, магчыма толькі з Божай дапамогай», – сказаў Пантыфік і заклікаў моладзь ператвараць нянавісць у любоў, вайну ў мір.

Папа нагадаў маладым людзям Уганды, што ў іх венах цячэ кроў мучанікаў, і дзякуючы гэтаму яны маюць веру. Пантыфік заклікаў заўсёды шукаць дапамогі ў Езуса і Марыі. «Калі дзіцятка падае, пачынае плакаць і шукае матулю, калі мы маем праблемы, найлепшы выхад – ісці да Марыі, нашай Маці», – параіў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.