Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік аддаў пашану экуменізму крыві ва Угандзе
Святы Айцец
28.11.2015 17:13

28 лістапада Папа Францішак узначаліў Эўхарыстыю ў каталіцкім санктуарыі Намугонга ў сталіцы Уганды Кампале. Яна была прымеркавана да 50-годдзя кананізацыі св. Каралі Лванга і яго паплечнікаў, забітых падчас антыхрысціянскага пераследу у канцы ХІХ ст.

Перад літургіяй Святы Айцец наведаў англіканскі санктуарый, які знаходзіцца непадалёку, дзе прыняў удзел у адкрыцці памятнай дошкі ў памяць аб мучаніках гэтай канфесіі, якія аддалі жыццё за веру разам са сваімі братамі католікамі. Папа правёў там некаторы час у супольнай малітве з мясцовым англіканскім архіепіскапам.

Добраахвотнае сведчанне гэтых мучанікаў, многія з якіх былі зусім маладымі, дасягнула «крайніх межаў зямлі»; гэта вялікая спадчына, якая не павінна захоўвацца ў музеі, але распаўсюджвацца паўсюль, адзначыў Папа ў гаміліі.

Па словах Пантыфіка, сапраўдную пашану памяці мучанікаў, а таксама ўсім святым, вернікі аддаюць, калі дзеляцца сведчаннем аб Хрысце са сваімі блізкімі, на месцах сваёй працы і ў грамадстве, а таксама калі нясуць яго ў розныя куткі свету.

Папа заўважыў, што дар Святога Духа, які атрымалі вернікі, яны не могуць захоўваць выключна для сябе: неабходна, як св. Каралі Лванга і яго паплечнікі, пасля таго, як былі выхаваны ў веры, перадаваць яго іншым, нават у небяспечныя часы. Іх сведчанне прамаўляе таксама і сёння, яно абвяшчае Хрыста і моц Крыжа, сказаў Папа.

«Пад пагрозай знаходзілася не толькі іх жыццё, але і жыццё больш маладых юнакоў, давераных іх клопату. (...) Яны не баяліся несці Хрыста іншым, нават коштам уласнага жыцця. Іх вера станавілася сведчаннем. Сёння яны ўшаноўваюцца як мучанікі, а іх прыклад працягвае натхняць мноства людзей у свеце», – падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў станавіцца місійнымі вучнямі Хрыста як для сваіх сяброў, так і для тых, хто ставіцца да іх з варожасцю. Такая адкрытасць на іншых пачынаецца з сям’і – школы любові і міласэрнасці, праяўляецца ў клопаце пра пажылых людзей, бедных, удоваў і сіротаў, сказаў Пантыфік.

Сведчанне мучанікаў, адзначыў Папа на заканчэнне гаміліі, дэманструе, што не задавальненні гэтага свету ці зямная ўлада, але вернасць Богу, сумленнасць, усебаковае жыццё, сапраўдны клопат пра дабро іншых даюць радасць і трывалы супакой.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.