Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік пачаў візіт ва Уганду
Святы Айцец
27.11.2015 21:48

27 лістапада Папа Францішак завяршыў візіт у Кенію. У аэрапорце Найробі адбылася цырымонія развітання Пантыфіка з гэтай краінай, у якой прынялі ўдзел мясцовыя палітычныя лідары, касцёльныя іерархі і шматлікія вернікі, а таксама Прэзідэнт Кеніі Ухуру Кеніята.

У самалёце італьянскай авіякампаніі «Alitalia» Пантыфік накіраваўся ў наступны пункт свайго «афрыканскага» падарожжа – Уганду. Палёт працягваўся крыху больш за гадзіну, было пераадолена 503 кіламетры. Самалёт прызямліўся ў найбуйнейшым аэрапорце Уганды ў горадзе Энтэбэ, дзе прайшла афіцыйная цырымонія прывітання Папы.

Першым Пантыфікам, які наведаў Уганду, з’яўляецца Павел VI, чый візіт адбываўся з 31 ліпеня па 2 жніўня 1969 г. Святы Ян Павел наведваў гэтую краіну ў лютым 1993 г. і знаходзіўся там шэсць дзён, падчас якіх сустрэўся з жыхарамі пяці гарадоў: Энтэбэ, Кампалу, Гулу, Касесе і Сароці.

Папа Францішак прабудзе ва Угандзе да 29 лістапада. Акрамя традыцыйных сустрэч з Прэзідэнтам, палітыкамі і членамі дыпламатычнага корпуса Святы Айцец здзейсніць візіты ў два санктуарыі, прысвечаныя мясцовым каталіцкім і англіканскім мучанікам, сустрэнецца з катэхетамі, моладдзю, духавенствам і супрацоўнікамі аднаго з каталіцкіх дабрачынных цэнтраў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.