Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У штаб-кватэры ААН у Найробі Пантыфік нагадаў пра экалагічныя праблемы
Святы Айцец
26.11.2015 20:48

26 лістапада ў межах візіту ў Кенію Папа Францішак наведаў штаб-кватэру ААН у Найробі. Перад сустрэчай з яе супрацоўнікамі Святы Айцец прыняў удзел у сімвалічнай пасадцы дрэва.

У сувязі з гэтым Пантыфік заўважыў, што гэты жэст з’яўляецца заклікам да барацьбы з вырубаннем лясоў і апустыньваннем. Папа нагадаў, што напрыканцы лістапада ў Парыжы пачнецца міжнародная канферэнцыя па праблемах клімату. «Было б сумна, я б нават сказаў, катастрафічна, калі б прыватныя мэты ўзялі перавагу над супольным дабром і сталі маніпуляваць інфармацыяй для абароны сваіх інтарэсаў», - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што кліматычныя змены маюць цяжкія наступствы для навакольнага асяроддзя, сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай сфераў і размеркавання рэсурсаў, і назваў гэтую праблему галоўным актуальным выклікам чалавецтва.

Пантыфік нагадаў пра важнасць дыялогу і супрацоўніцтва для вырашэння экалагічных праблем. «Неабходны шчыры і адкрыты дыялог і адказнае супрацоўніцтва паміж усімі: палітычнымі ўладамі, навуковай супольнасцю, прадпрыемствамі і грамадствам», - сказаў Папа і падкрэсліў, што добрыя прыклады такога ўзаемадзеяння ўжо існуюць і даюць важныя вынікі.

«Калі чалавецтва постіндустрыяльнага перыяду можа застацца ў памяці як адно з самых безадказных у гісторыі, то чалавецтва пачатку ХХІ стагоддзя можа запомніцца шчодрым прыняццем сваёй вялікай адказнасці», - сказаў Пантыфік.

Для дасягнення гэтай мэты, па словах Святога Айца, неабходна паставіць эканоміку і палітыку на службу народам. Гэта не ўтопія і не фантазія, але рэальная перспектыва, якая ставіць асобу і годнасць у якасці адпраўной кропкі і кропкі, да якой усё павінна імкнуцца, падкрэсліў Папа.

Пантыфік адзначыў важнасць суправаджэння палітычных і тэхнічных рашэнняў адукацыйным працэсам, які спрыяе змене стыляў жыцця – прыняццю новага стылю культуры. Гаворка ідзе пра культуру клопату: пра сябе, іншых, навакольнае асяроддзе, якая павінна заняць месца культуры дэградацыі і выкідання на ўзбочыну. Святы Айцец падкрэсліў, што існуе вялікае мноства людзей, ахвяраваных ідалам прыбытку і спажывецтва. «Мы не можам заставацца абыякавымі перад гэтым. Не маем на гэта права», - сказаў Папа.

Святы Айцец пажадаў, каб працэс урбанізацыі ператварыўся ў эфектыўную прыладу развіцця і інтэграцыі і забяспечыў усіх, асабліва тых, хто жыве ў маргінальных кварталах, годнымі ўмовамі жыцця, гарантуючы фундаментальныя правы на зямлю, дом і працу. Гарадское планаванне, па словах Папы, павінна прадугледжваць стварэнне публічных прастораў, у якіх мясцовыя жыхары змогуць прымаць удзел у супрацьстаянні шматлікім формам няроўнасці і гарадской беднасці, не толькі эканамічнай, але перш за ўсё сацыяльнай і звязанай з асяроддзем.

У сувязі з набліжэннем Х міністэрскай канферэнцыі Сусветнай гандлёвай арганізацыі, якая пачнецца ў Найробі праз некалькі дзён, Папа пажадаў, каб гандлёвыя адносіны паміж краінамі маглі служыць абароне навакольнага асяроддзя і захаванню яго для будучых пакаленняў.

«Афрыка дае свету прыгажосць і прыроднае багацце, якое вядзе нас да праслаўлення Стварыцеля. Гэтая афрыканская спадчына і спадчына ўсяго чалавецтва перажывае пастаянную рызыку знішчэння, выкліканага чалавечым эгаізмам рознага кшталту і эксплуатацыяй сітуацый беднасці і выключэння», - сказаў Папа. Пантыфік заклікаў змагацца з незаконным гандлем каштоўнымі камянямі і металамі, прадуктамі жывёльнага паходжання, як, напрыклад, слановай косткай, што становіцца прычынай, акрамя вынішчэння сланоў, палітычнай нестабільнасці, арганізаванай злачыннасці і тэрарызму.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.