Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся са святарамі, семінарыстамі і кансэкраванымі асобамі Кеніі
Святы Айцец
26.11.2015 20:37

Выбраныя, каб дапамагаць бедным: так Папа Францішак ахарактарызаваў духавенства, семінарыстаў і кансэкраваных асобаў Кеніі, з якімі сустрэўся 26 лістапада ў рамках свайго падарожжа ў Афрыку.

Святы Айцец адклаў загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы і спантанна падзяліўся з прысутнымі сваімі думкамі.

Пантыфік перакананы, што ў святарства і кансэкраванае жыццё можна ўвайсці праз дзверы, якімі з’яўляецца Езус Хрыстус. Некаторыя, аднак, жадаюць увайсці праз акно, іранічна заўважыў Святы Айцец. Гэта, па словах Папы, не патрэбна, і такім асобам неабходна далікатна патлумачыць, каб ішлі служыць Богу іншым чынам.

Пантыфік падкрэсліў, што бываюць людзі, якія выбіраюць шлях служэння Пану з цікавасці, жадання грошай і ўлады, але ў жыцці тых, хто служыць Богу, усяго гэтага быць не павінна.

Папа прызнаў, што, калі Езус выбірае людзей на сваю службу, не кананізуе іх і яны працягваюць быць грэшнікамі. « Мы ўсе грэшнікі, і я першы, перад вамі», - сказаў Пантыфік і заклікаў усіх аплакваць свае слабасці, нявярнасць, пакуты свету, маргіналізаваных людзей, пакінутых пажылых асобаў, забітых дзяцей. Святы Айцец дадаў, што ў свеце існуе шмат таямнічых сітуацый, напрыклад, пакуты нявінных дзяцей, над якімі не застаецца нічога, як толькі плакаць, гледзячы на ўкрыжаванага Хрыста.

Папа заклікаў кенійскае духавенства і кансэкраваных асобаў заўсёды памятаць пра крыж Пана, шмат маліцца і служыць людзям.

Напрыканцы Святы Айцец сустрэўся з групай дзяцей, хворых на рак, і паразмаўляў з кожным з іх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.