Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа ў Кеніі: імя Бога ніколі не павінна выкарыстоўвацца для апраўдання насілля
Святы Айцец
26.11.2015 12:20

Міжрэлігійны дыялог – гэта не штосьці дадатковае і апцыянальнае, а істотнае, гэта штосьці, у чым свет, паранены канфліктамі і падзеламі, заўсёды мае патрэбу, сказаў Папа Францішак 26 лістапада на экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэчы ў сталіцы Кеніі Найробі ў рамках Апостальскага падарожжа ў Афрыку.

Святы Айцец заўважыў, што рэлігійныя вераванні ўзбагачаюць грамадства. «Беручы на сябе клопат пра духоўнае развіццё нашых супольнасцяў, фарміруючы думкі і сэрцы да праўды і каштоўнасцяў, якім вучаць нашы рэлігійныя традыцыі, мы становімся благаслаўленнем для супольнасцяў, у якіх жыве наш народ. У дэмакратычным і плюралістычным грамадстве, як гэта, супрацоўніцтва паміж рэлігійнымі лідарамі і іх супольнасцямі становіцца важным служэннем супольнаму дабру», – сказаў Пантыфік.

Па словах Папы, у сённяшнім усё больш узаемазалежным свеце неабходна міжрэлігійнае паразуменне, сяброўства і супрацоўніцтва на карысць абароны годнасці, якой Бог надзяліў кожнага чалавека і народ, а таксама іх права на жыццё ў свабодзе і шчасці. Абараняючы гэтую годнасць і правы, рэлігіі выконваюць важную ролю ў фарміраванні сумленняў, прывіванні моладзі да глыбокіх духоўных каштоўнасцяў і падрыхтоўцы добрых грамадзян, здольных пашыраць у грамадскай супольнасці сумленнасць, інтэгральнасць і такое бачанне свету, у якім высока цэніцца чалавечая асоба, а не ўлада ці матэрыяльны прыбытак.

Папа нагадаў, што імя Бога ніколі не павінна выкарыстоўвацца для апраўдання насілля і нянавісці. «Я ведаю, што ў вас яшчэ жывы ўспамін пра варварскія напады ў “Westgate Mall”, універсітэцкім каледжы ў Гарысе і Мандэры. Вельмі часта юнакі становяцца экстрэмістамі ў імя рэлігіі, каб сеяць разлады і страх і разрываць структуру нашых грамадстваў. Як важна, каб мы прызнаваліся ў якасці прарокаў супакою, міратворцаў, якія заклікаюць іншых жыць у згодзе, гармоніі і ўзаемнай павазе. Няхай Усемагутны дакранецца да сэрцаў тых, хто здзяйсняе гэтае насілле, і адорыць сваім супакоем нашы сем’і і супольнасці», – пажадаў Пантыфік.  

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.