Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец сустрэўся з кенійскімі палітыкамі і дыпкорпусам
Святы Айцец
26.11.2015 10:53

«Моладзь – самы каштоўны рэсурс кожнай краіны», – адзначыў Папа Францішак у прывітальным звароце да ўладаў Кеніі і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса. Сустрэчай з імі 25 лістапада Святы Айцец пачаў свой візіт у гэтую афрыканскую дзяржаву, у якой прабудзе да 27 лістапада.

«Кенія – гэта краіна моладзі», – падкрэсліў Пантыфік. Папа Францішак заклікаў бараніць гэтую катэгорыю грамадзян, інвеставаць у яе і дапамагаць ёй. Гэта, паводле Пантыфіка, найлепшы спосаб, каб гарантаваць годную будучыню народа. Таксама і пажылыя людзі патрабуюць увагі дзяржавы да сябе, паколькі яны з’яўляюцца сэрцам і душой народа.

Святы Айцец заўважыў, што Кенія адорана багатымі прыроднымі рэсурсамі. Сённяшні цяжкі крызіс навакольнага асяроддзя патрабуе ўвагі да адносін паміж людзьмі і прыродай.

«Мы маем адказнасць за перадачу прыгажосці прыроды ва ўсёй яе разнастайнасці будучым пакаленням і абавязак справядлівага кіравання дарамі, якія атрымалі. Гэтыя каштоўнасці глыбока ўкаранёныя ў афрыканскай душы. У свеце, які працягвае эксплуатаваць супольны дом, замест таго, каб абараняць яго, яны павінны мабілізаваць сілы ўладаў і спрыяць адказным мадэлям эканамічнага развіцця», – сказаў Пантыфік.

Папа Францішак таксама звярнуў увагу на сувязь паміж аховай навакольнага аяроддзя і будаваннем справядлівага і роўнага грамадства. У кантэксце шматлікіх этнічных, рэлігійных і эканамічных падзелаў людзі добрай волі пакліканы дзейнічаць на карысць міру і паяднання, прабачэння і аздараўлення сэрцаў, заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў да талерантнасці і павагі да іншых, а таксама назваў будаванне супольнага дабра «першаснай мэтай». «Насілле, канфлікты і тэрарызм умацоўваюцца страхам, недаверам і дэзарыентацыяй, якія нараджаюцца па прычыне беднасці», – дадаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў кенійскіх палітыкаў клапаціцца пра бедных, моладзь і справядлівае размеркаванне рэсурсаў, якімі Бог адарыў іх краіну. Са свайго боку Папа Францішак паабяцаў шчодрую малітоўную падтрымку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.