Папа правёў тэлемост з вернікамі ЗША | Друк |
Святы Айцец
02.09.2015 15:28

З дапамогай сучасных тэхналогій Папа Францішак паразмаўляў з вернікамі ЗША. Тэлемост быў арганізаваны мясцовай тэлевізійнай сеткай «АbcNews» 31 жніўня. Яго транcляцыя адбудзецца 4 верасня ў праграме «World News Tonight».

Падчас гадзіннай віртуальнай сустрэчы Пантыфік паразмаўляў з некаторымі вучнямі езуіцкай школы ў Чыкага, вернікамі каталіцкай супольнасці Мак-Алена на мяжы з Мексікай і з групай валанцёраў, якія дапамагаюць бяздомным на вуліцах Лос-Анджэлеса. Гэта быў першы зварот Папы да амерыканскіх вернікаў напярэдадні яго візіту ў Злучаныя Штаты.

«Я малюся за ЗША і прашу амерыканцаў, каб маліліся за мяне», - сказаў Пантыфік.

Папа Францішак прыбудзе ў Вашынгтон 22 верасня пасля двухдзённага візіту на Кубу. Падчас свайго пяцідзённага прыбывання ў Нью-Ёрку і Філадэльфіі Пантыфік сустрэнецца з Прэзідэнтам ЗША Баракам Абамай, выступіць з прамовамі перад Кангрэсам і Генаральнай Асамблеяй ААН. Візіт Святога Айца скончыцца 27 верасня ўрачыстай Эўхарыстыяй у рамках Сусветнай сустрэчы сем’яў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by