Пантыфік заклікаў пакласці канец насіллю на Блізкім Усходзе | Друк |
Святы Айцец
30.08.2015 23:45

Папа Францішак нагадаў аб важнасці свабоды веравызання і спынення насілля на Блізкім Усходзе. Пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» ў Ватыкане Пантыфік распавёў вернікам, што 29 жніўня ў Харысе (Ліван) прайшла беатыфікацыя сіра-каталіцкага епіскапа Флавіена Мішэля Мелкі – ахвяры пераследу рэлігійных і этнічных меншасцяў у Асманскай імперыі ў 1915 г.

«У кантэксце жудаснага пераследу хрысціян ён быў нястомным абаронцам правоў свайго народа, заклікаючы ўсіх заставацца моцнымі ў веры. Таксама і сёння на Блізкім Усходзе і ў іншых частках свету хрысціяне падвяргаюцца пераследу», – заўважыў Папа.

Святы Айцец пажадаў, каб беатыфікацыя сірыйскага епіскапа напаўняла пакутуючых вернікаў суцяшэннем, адвагай і надзеяй. Папа заклікаў заканадаўцаў і кіраўнікоў бачыць у падзеі стымул для гарантавання рэлігійнай свабоды і заклікаў міжнародную супольнасць пакласці канец насіллю і злоўжыванням.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by