Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак адзначаны прэміяй за ўклад у адмену смяротнага пакарання
Святы Айцец
31.07.2015 14:43

Святы Айцец адзначаны прэміяй “Абаліцыяніст года” за ўклад у паўсюдную адмену смяротнага пакарання. Узнагарода штогадова прысуджаецца італьянскай праваабарончай асацыяцыяй “Не кранаць Каіна” (Nessuno tocchi Caino), дзейнасць якой носіць міжнародны характар.

У спецыяльным паведамленні арганізацыі гаворыцца, што Папа Францішак, “пантыфікат якога пачаўся з адмены пажыццёвага пакарання і прызнання катаванняў злачынствам у заканадаўстве Дзяржавы Ватыкан, моцна і ясна выказаўся не толькі супраць смяротнага пакарання, але і супраць смерці для пакарання і пакарання аж да смерці”.

31 ліпеня ў Рыме ў прысутнасці высокіх італьянскіх дзяржаўных дзеячаў адбылася прэзентацыя справаздачы за 2015 г. аб сітуацыі са смяротным пакараннем у свеце. З яе вынікае, што краінамі-лідарамі па колькасці смяротных пакаранняў у 2014 г. былі Кітай, Ірак і Саудаўская Аравія. У сваю чаргу, па колькасці смяротных пакаранняў у першай палове 2015 г. Саудаўскую Аравію апярэдзіў Пакістан.

Асацыяцыя “Не кранаць Каіна” была заснавана ў 1993 г. Яе назва натхнёна словамі з кнігі Быцця: “Калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра” (4,15) і азначае, што справядлівасць не павінна ператварацца ў помсту.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.